«Вы хацелі, каб нейкія людзі выйшлі на волю, якія ледзь не прывялі да каляпсу сытуацыю ў нашай краіне. Іх вось выпусьцілі. Дзе ваша рэакцыя на гэтыя гуманітарныя крокі прэзыдэнта? — сказаў міністар Максім Рыжанкоў. — Вы кажаце [Менску зрабіць] нешта яшчэ. Ну, хлопцы, так не бывае. І, акрамя таго, калі гэтая супраца будзе ці павінна насіць узаемавыгадны характар, то давайце разам крокі нейкія рабіць. Не бывае толькі вось гэтая мантра: вы павінны, вы павінны, вы павінны. Ну, у рэшце, ніхто нікому не павінен».
Рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў дазавана выпускаць палітвязьняў у сярэдзіне 2024 года. Частку вызвалілі на падставе ўказаў (апошні раз — 5 сакавіка), частку — па выніках перамоваў з прадстаўнікамі адміністрацыі прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа.
Апошніх, як правіла, адразу высылаюць з краіны; выключэньне — Мікалай Статкевіч, які адмовіўся выяжджаць, і якога пазьней вызвалілі. Пасьля двух такіх кантактаў амэрыканскія ўлады зьнялі санкцыі з авіякампаніі «Белавія» і прадпрыемства «Беларуськалій». Пры гэтым Дональд Трамп ужо тройчы заяўляў пра неабходнасьць вызваліць усіх «закладнікаў» у Беларусі, як ён называе палітвязьняў.
У той самы час беларускія праваабаронцы рэгулярна прызнаюць палітвязьнямі новых людзей, якія трапляюць пад перасьлед з боку ўладаў. Цяпер у такім статусе знаходзіцца больш за 1000 чалавек (аднак тых, хто зазнаў палітычныя рэпрэсіі ў той ці іншай форме, можа быць значна больш).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памілаваньне як сыгнал для Вашынгтону і магчымасьць перабіць дрэнныя навіны. Аналіз Валера Карбалевіча ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка памілаваў 18 вязьняў, у тым ліку 15 асуджаных паводле «экстрэмісцкіх» артыкулаў. У ЗША адрэагавалі