Як паведамляе Reuters, цэны на нафту рэзка ўпалі, а акцыі азіяцкіх кампаній вырасьлі на біржах у аўторак 10 сакавіка пасьля таго, як прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што вайна на Блізкім Усходзе можа «хутка скончыцца».
Ф’ючэрсы на нафту маркі Brent упалі на 11% да ніжэй за 88,05 даляраў за барэль пасьля аднаўленьня таргоў, а потым скарацілі падзеньне да 6,6%. Зараз Brent гандлюецца ў раёне 93 даляра за барэль, нафта маркі WTI — 88,9 даляраў за барэль.
Учора раніцай Brent вырасла да 117,65 даляраў за барэль, а WTI (амэрыканская сырая нафта) West Texas Intermediate да 116,62 даляра.
Падчас таргоў індэкс акцый Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёна MSCI вырас на 2,8%, кампэнсуючы страты з пачатку канфлікту ў Пэрсыдзкай затоцы. Пасьля панядзелкавага падзеньня, японскі індэкс каштоўных папер Nikkei 225 падскочыў на 2,7%, а паўднёвакарэйскі Kospi вырас на 6,6%
Заявы Трампа пра магчымы хуткі канец вайны выклікалі ўсплёск аптымізму, які рэзка кантраставаў з падзеямі ў Іране, дзе прыхільнікі жорсткай лініі абʼядналіся вакол новага вярхоўнага лідэра Маджтабы Хамэнэі, а Корпус вартавых рэвалюцыі заявіў, што блякада экспарту нафты будзе працягвацца да заканчэньня нападаў ЗША і Ізраіля.
Прыходзяць таксама паведамленьні, якія сьведчаць аб тым, што Вашынгтон можа зьмякчыць санкцыі супраць расейскай энэргетыкі.
«Хоць усё гэта дапамагло паменшыць частку кароткатэрміновай панікі, цяжка зьмірыцца з ідэяй таго, што канфлікт „амаль завершаны“, — сказаў Reuters Тоні Сікамор, рынкавы аналітык у Сіднэі. — Тым не менш, зьмякчэньне рыторыкі прэзыдэнта Трампа, ад патрабаваньня поўнай капітуляцыі да абʼяўленьня місіі „амаль завершанай“, — гэта станоўчая падзея, якая павінна дапамагчы інвэстарам супакоіцца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цана нафты праз вайну ў Пэрсыдзкай затоцы перавысіла 100 даляраў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп заявіў, што вайна ў Іране хутка скончыцца. Ён правёў размову з Пуціным