Трамп заявіў, што вайна ў Іране хутка скончыцца. Ён правёў размову з Пуціным

Шыіцкі мусульманскі сьвятар трымае фотаздымкі новага вярхоўнага лідэра Ірану Муджтабы Хамэнэі (справа) і яго загінулага бацькі Алі Хамэнэі (злева) падчас мітынгу ў яго падтрымку ў цэнтры Тэгерана 9 сакавіка 2026 году

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што ваенная апэрацыя, распачатая супраць Ірану ў мінулым месяцы, скончыцца «вельмі хутка», і паабяцаў нанесьці па краіне «значна, значна мацнейшы ўдар», калі яна заблякуе пастаўкі нафты на Блізкі Ўсход.

Як паведаміла Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, такім чынам Дональд Трамп адрэагаваў на новыя ўдары Ірану 9 сакавіка па Ізраілі і краінах Пэрсыдзкай затокі пасьля абраньня Муджтабы Хамэнэі вярхоўным лідэрам.

«Мы перамагаем вельмі рашуча. Мы значна апярэджваем графік», — сказаў Трамп на прэсавай канфэрэнцыі ў Флёрыдзе.

«Гэта хутка скончыцца». На пытаньне, ці скончыцца гэта на гэтым тыдні, ён выказаў здагадку, што не, але адказаў: «Хутка. Вельмі хутка».

«Я не дазволю тэрарыстычнаму рэжыму трымаць сьвет у закладніках і спрабаваць спыніць пастаўкі нафты. І калі Іран зробіць што-небудзь для гэтага, ён атрымае ўдар значна, значна больш жорсткага ўзроўню», — сказаў Трамп.

Трамп заявіў CBS, што ў яго ёсьць кандыдатура на замену Муджтабы Хамэнэі, але ён адмовіўся назваць імя. Раней ён заявіў іншым інфармацыйным агенцтвам, што «не задаволены» рашэньнем Ірану перадаць галоўную пасаду Хамэнэі і назваў гэта «вялікай памылкай».

Тым часам дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё абвінаваціў Іран у спробе «трымаць сьвет у закладніках», наносячы ўдары ў адказ па ўсім Блізкім Усходзе, і заявіў, што ваенныя апэрацыі ЗША, накіраваныя на стрымліваньне магчымасьцей Тэгерану, ідуць паводле пляну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ваенная стратэгія Ірану: павысіць выдаткі на канфлікт, каб забесьпячыць канчатковае спыненьне агню

Крэмль паведаміў аб тэлефоннай размове Трампа і Пуціна

Юрый Ушакоў, памочнік расейскага прэзыдэнта, паведаміў, што 9 сакавіка на ініцыятыву Дональда Трампа адбылася тэлефонная размова з Уладзімірам Пуціным.

«Акцэнт, натуральна, быў зроблены на сытуацыі вакол канфлікту з Іранам і на трохбаковых перамовах па ўкраінскім урэгуляваньні, якія працягваюцца пры ўдзеле прадстаўнікоў ЗША», — адзначаецца на сайце Крамля.

Паводле Ушакова, размова працягвалася амаль гадзіну і мела «дзелавы, шчыры і канструктыўны характар».

У паведамленьні адзначаецца, што Пуцін выказаўся за палітыка-дыпляматчные ўрэгуляваньне іранскага канфлікту з улікам ранейшых яго кантактаў з кіраўніцтвам гэтай краіны. Бакі абмеркавалі і сытуацыю ў Вэнэсуэле.

На сайце Белага дома інфармацыя аб тэлефоннай размове Трампа і Пуціна пакуль адсутнічае.

Агенцтва Reuters паведаміла, што тэлефонная размова Трампа і Пуціна адбылася празь некалькі гадзін пасьля заявы Пуціна аб тым, што вайны ЗША і Ізраіля супраць Ірану справакавала глябальны энэргетычны крызіс.

«У мяне была вельмі добрая размова з прэзыдэнтам Пуціным», — працытавала Трампа агенцтва. Амэрыканскі прэзыдэнт дадаў, што Пуцін хоча дапамагчы ў пытаньнях Ірану.

«Я сказаў: «Вы маглі б быць больш карыснымі, калі б скончылі вайну паміж Украінай і Расеяй. Гэта будзе больш карысным», — заявіў Дональд Трамп.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Вяртаньне дыпляматыі. Чаму Менск раптам заступіўся за Азэрбайджан у канфлікце зь Іранам