Журналіста Паўла Дабравольскага асудзілі на 9 гадоў пазбаўленьня волі

Павал Дабравольскі. Архіўнае фота

Менскі гарадзкі суд асудзіў журналіста Паўла Дабравольскага на 9 гадоў пазбаўленьня волі з утрыманьнем у папраўчай калёніі ва ўмовах строгага рэжыму.

Як паведаміла выданьне «Позірк», паводле наяўнай інфармацыі, абвінавачаньне было зьвязана з прафэсійнай дзейнасьцю журналіста падчас масавых акцый пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. Яго справу суд разглядаў у закрытым рэжыме.

Паўла Дабравольскага затрымалі ў Менску 22 студзеня 2025 году, праз 10 дзён пасьля яго 35-годзьдзя. Абвінавачваўся ў «здрадзе дзяржаве» (артыкул 356 Крымінальнага кодэксу Беларусі).

Дабравольскі раней працаваў як на беларускія, так і на замежныя СМІ, у тым ліку на ўкраінскі часопіс NV.ua (да пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі). Яго апошняе месца працы ў Беларусі — незалежная інфармацыйная кампанія БелаПАН, частку супрацоўнікаў якой у лістападзе 2021 году, напярэдадні яе 30-годзьдзя, КДБ прызнаў «экстрэмісцкім» фарміраваньнем.

30 кастрычніка 2020 году журналіста затрымалі ў яго кватэры і потым арыштавалі на 15 сутак.

Паводле адкрытай інфармацыі ў акаўнтах Дабравольскага ў сацыяльных сетках, пасьля ад’езду зь Беларусі ў канцы 2021 году ён падарожнічаў па розных краінах, у тым ліку быў у Іране, Расеі і ў Паўднёвай Амэрыцы, дзе пацярпеў ад нападу рабаўнікоў. У кастрычніку 2024 году вярнуўся ў Менск.

Акаўнт журналіста ў Telegram актываваўся пасьля яго арышту мінімум тройчы — 11 сакавіка, 18 і 26 красавіка. Цяпер акаўнта ў мэсэнджэры няма.

12 студзеня за кратамі СІЗА журналіст сустрэў свае 36 гадоў.

26 лютага 2026 году за «здраду дзяржаве» вялікія тэрміны пазбаўленьня волі атрымалі колішнія кіраўнікі баранавіцкага незалежнага СМІ Intex-Press Уладзімер Янукевіч (14 гадоў) і Андрэй Пакаленка (12).

Паводле зьвестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, у няволі ўтрымліваецца ня менш за 28 супрацоўнікаў айчынных СМІ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 6 сакавіка: новыя абвінавачаньні і прысуды жанчынам-палітвязьням