Цэны на нафту ў панядзелак 9 сакавіка вырасьлі да найвышэйшага ўзроўню зь сярэдзіны 2022 году, некаторыя буйныя вытворцы скарацілі пастаўкі, а рынак ахапілі асьцярогі ў прадчуваньні доўгіх перапынкаў у мараплаўстве з прычыны канфлікту паміж ЗША і Ізраілем з аднаго боку і Іранам з другога.
Як піша Reuters, на рынках Паўднёва-Ўсходняй Азіі цэны нафты вырасьлі больш чым на 25% праз эскаляцыю ўзброенага канфлікту ў Пэрсыдзкай затоцы — гэта рэкордны скачок. Цэны гатункаў нафты Brent і WTI дасягнулі найвышэйшых узроўняў зь ліпеня 2022 года: цана Brent падскочыла на 29%, WTI — на 31%.
Энэргетычныя рынкі асабліва нэрвовыя праз крызіс, які разгортваецца вакол Армускай пратокі, якою звычайна праходзіць пятая частка ўсясьветных паставак нафты, перадусім у краіны Паўднёва-Ўсходняй Азіі. Перабоі ў руху танкераў і ўсё большыя рызыкі бясьпекі ўжо запаволілі мараплаўную актыўнасьць, што зрабіла азіяцкіх пакупнікоў асабліва ўразьлівымі, зважаючы на іх моцную залежнасьць ад блізкаўсходняй сырой нафты.
Ф’ючэрсы (кантракты на будучыню) на сырую нафту маркі Brent вырасьлі да 117,65 даляра за барэль, падаражэўшы на 24,96 даляра, або 27%; чакаецца найбуйнейшы скачок за адзін дзень, у той час як фʼючэрсы на амэрыканскую сырую нафту West Texas Intermediate (WTI) вырасьлі на 25,72 даляра, або 28,3%, — да 116,62 даляра.
«Калі паток нафты праз Армускую пратоку неўзабаве не адновіцца і рэгіянальная напружанасьць ня зьменшыцца, ціск на цэны, імаверна, захаваецца», — сказаў Васу Мэнан, кіроўны дырэктар інвэстыцыйнай стратэгіі OCBC (Oversea-Chinese Banking Corporation), Сынгапур.
Ірак і Кувэйт пачалі скарачаць здабычу нафты, раней скараціліся пастаўкі звадкаванага прыроднага газу з Катару. Аналітыкі чакаюць, што Абʼяднаныя Арабскія Эміраты і Саудаўская Арабія таксама будуць вымушаныя неўзабаве скараціць здабычу.
Reuters піша, што ўзброены канфлікт у Пэрсыдзкай затоцы можа прывесьці да таго, што спажыўцы і прадпрыемствы ўсяго сьвету сутыкнуцца з тыднямі або месяцамі вышэйшых цэн на паліва, нават калі канфлікт хутка скончыцца, бо пастаўнікі сутыкнуліся з бамбаваньнем абʼектаў нафтавай галіны, парушэньнем лягістыкі і падвышанымі рызыкамі для навігацыі.