Новым лідэрам Ірану стаў сын забітага Хамэнэі. Што пра яго вядома?

Новы кіраўнік Ірану Моджтаба Хамэнэі

8 сакавіка іранская Асамблея экспэртаў абрала Муджтабу Хамэнэі новым кіраўніком краіны. Гэта адбылося праз восем дзён пасьля сьмерці аяталы Алі Хамэнэі ў выніку амэрыканска-ізраільскага ўдару і стала першым выпадкам у гісторыі Ісламскай Рэспублікі, калі сын найвышэйшага кіраўніка пераймае ўладу ад бацькі.

Муджтаба Хамэнэі рэдка зьяўляўся на публіцы і ніколі не выступаў перад шырокай аўдыторыяй, акрамя заняткаў у духоўных сэмінарыях, аднак многія лічаць яго ценявой фігурай, якая мае ўплыў на найбліжэйшае атачэньне офісу вярхоўнага лідэра і сілавыя структуры Ірану.

Дых хто такі Муджтаба Хамэнэі і як ягонае імя стала адным з найбольш спрэчных варыянтаў сярод магчымых пераемнікаў свайго бацькі?

«Настаўнік» Муджтаба

56-гадовага другога сына нябожчыка Алі Хамэнэі даўно называлі «вартаўніком брамы».

Нягледзячы на тое, што ён ніколі не займаў афіцыйных дзяржаўных пасадаў, малодшы Хамэнэі два дзесяцігодзьдзі знаходзіўся ў цэнтры працы офісу свайго бацькі, каардынуючы ўзаемадзеяньне паміж духоўным істэблішмэнтам і Корпусам вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР).

Алі Хамэнэі аднойчы папярэджваў унутраных крытыкаў, каб яны называлі яго сына толькі «Настаўнік».

У 2005 годзе Мэхдзі Карубі, які прайграў прэзыдэнцкія выбары, абвінаваціў Алі Хамэнэі ў тым, што той падчас кампаніі падтрымліваў свайго сына Моджтабу ў інтарэсах Махамада Бакера Калібафа.

Пазьней Карубі распавёў, што калі адзін з старэйшых сказаў Хамэнэі «Сын Вашай высокасьці падтрымлівае таго і таго на выбарах», той адказаў: «Ён — Настаўнік, а ня проста сын Настаўніка».

Менавіта гэтая фраза ўпершыню ўвяла імя Моджтабы Хамэнэі ў іранскую палітыку — ня проста як аднаго з сыноў вярхоўнага лідэра, а ў якасьці самастойнай палітычнай фігуры.

Цяпер, пасьля яго абраньня Асамблеяй экспэртаў вярхоўным лідэрам Ісламскай Рэспублікі, Хамэнэі фіцыйна стаў цэнтрам нестабільнай сыстэмы ўлады ў Іране.

Лічыцца, што Моджтабу Хамэнэі падтрымлівае КВІР, і яго выбар азначае пераемнасьць курсу. Прыхільнікі сьцьвярджаюць, што ягоная блізкасьць да сілавога апарату робіць яго найбольш здольным утрымліваць кантроль у пэрыяд актыўнага канфлікту.

Крытыкі папярэджваюць пра «спадчынную ўладу»

Аднак яго ўзвышэньне можа выклікаць моцнае незадавальненьне ўнутры краіны, асабліва сярод асноўнай групы прыхільнікаў. Крытыкі лічаць, што рух да «спадчыннага кіраваньня» супярэчыць антыманархічным вытокам Ісламскай рэвалюцыі 1979 году.

«Карціна, калі сын пераймае ўладу ад бацькі, выглядае як манархія», — казаў у 2024 годзе ў размове з Радыё Свабода Фарзан Сабэт, старшы навуковы супрацоўнік Жэнэўскай вышэйшай школы міжнародных дасьледаваньняў.

Адзін з чальцоў Асамблеі экспэртаў у 2024 годзе настойваў, што старэйшы Хамэнэі ў размовах з Радай выступаў супраць таго, каб яго сын стаў пераемнікам.

Дадатковай крыніцай спрэчак застаецца адносна нізкі духоўны тытул Хамэнэі-малодшага — «ходжаталеслам» (шыіцкі клірык сярэдняга рангу). Навіновая агенцыя, зьвязаная з іранскімі сэмінарыямі, з 2022 году пачала называць яго аяталом — ганаровым тытулам, які звычайна носяць высокапастаўленыя духоўныя асобы.

У 2022 годзе былы прэм’ер-міністар Мір Хасэйн Мусаві, які знаходзіцца пад хатнім арыштам з 2011 году, папярэджваў, што Алі Хамэнэі рыхтуе сына да пераемніцтва, фактычна аднаўляючы спадчынную перадачу ўлады, супраць якой і была скіраваная рэвалюцыя 1979 году.

«Ці вярнуліся дынастыі двух з паловай тысяч гадоў, каб сын пераймаў уладу ад бацькі?» — пісаў ён.

У адказ на крытыку Асамблея экспэртаў падкрэсьліла, што прызначэньне вярхоўнага лідэра адбываецца на аснове «выбару паводле заслугаў».

Апошнія расьсьледаваньні, у тым ліку публікацыя Bloomberg у канцы студзеня, апісвалі шырокі і сакрэтны партфэль нерухомасьці, зьвязаны з малодшым Хамэнэі, які знаходзіцца пад амэрыканскімі санкцыямі з 2019 году.

Паводле гэтых паведамленьняў, ён здолеў захаваць і пашырыць глябальную сетку дарагіх актываў праз пасярэднікаў і кампаніі-пракладкі.

Жонка Муджтабы Хамэнэі, Захра Хадад Адэль, таксама загінула падчас таго ж амэрыканска-ізраільскага ўдару, у якім быў забіты яе цесьць — вярхоўны лідэр.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЗША пацьвердзілі, што Расея перадавала Ірану зьвесткі для нанясеньня ўдараў па аб’ектах на Блізкім Усходзе