Паводле афіцыйнай статыстыкі, 11,339 мільярда даляраў складаюць прамыя інвэстыцыі, яшчэ 4,348 мільярда — іншыя формы ўкладаньняў. Амаль палова ўсіх інвэстыцыяў канцэнтруецца ў Менску — 7,085 мільярда даляраў, на другім месцы Менская вобласьць з 3,807 мільярда. Рэгіёны атрымліваюць значна меншыя сумы.
Сярод асноўных краін-інвэстараў называюцца Расея, Кіпр, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты і Кітай. Пры гэтым амаль 5 мільярдаў даляраў інвэстыцыяў прыпадае на Расею. Частка гэтых сродкаў — гэта ўнутрыкарпаратыўныя крэдыты або фінансавая падтрымка даччыных структураў, а не новыя інвэстыцыйныя праекты.
У статыстыцы таксама значнае месца займае Кіпр (2,525 мільярда даляраў), які часта выкарыстоўваецца як афшорная юрысдыкцыя. У такіх выпадках грошы могуць паходзіць зь Беларусі або іншых краін, праходзіць праз замежныя структуры і вяртацца ў краіну ўжо як «замежныя інвэстыцыі».
Пры гэтым інвэстыцыі з заходніх краін выглядаюць значна больш сьціпла:
• Нямеччына — 411 мільёнаў даляраў,
• Нідэрлянды — 336 мільёнаў,
• Вялікабрытанія — 286 мільёнаў,
• ЗША — 247 мільёнаў.
На думку аналітыкаў, нягледзячы на рост лічбаў у статыстыцы, рэальнага інвэстыцыйнага буму ў Беларусі пакуль не назіраецца. На структуру інвэстыцыяў уплываюць палітычныя рызыкі, санкцыі і абмежаваны доступ да міжнародных фінансавых рынкаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Іране духоўныя ўлады выбралі новага вярхоўнага лідара. Але ён пакуль ананімны