«Супярэчыць міжнароднаму праву». Начальнікі генштабоў Беларусі і Славаччыны пра ўдар Ірану па Азэрбайджане

Дым пасьля выбуху іранскага дрону ў Азэрбайджане 5 сакавіка 2026 году

Пасьля ўдару іранскіх бесьпілётнікаў па заходняй частцы Азэрбайджану зь першым намесьнікам міністра абароны — начальнікам Генэральнага штабу Ўзброеных сіл гэтай краіны Керымам Вяліевым зьвязаліся яго калегі зь Беларусі і Славаччыны — Павал Муравейка і Даніэль Зьмека адпаведна.

Як заўважыла выданьне «Позірк», аб гэтым паведаміла азэрбайджанскае інфармацыйнае агенцтва Trend з спасылкай на Міністэрства абароны Азэрбайджану.

Згодна з інфармацыяй, паміж імі 6 сакавіка адбыўся «грунтоўны абмен меркаваньнямі па сытуацыі ў рэгіёне, пытаньнях бясьпекі, а таксама вайсковай супрацы паміж краінамі».

«Начальнікі генэральных штабоў таксама закранулі атакі бесьпілётных лятальных апаратаў Узброеных сіл Ірану па цывільнай інфраструктуры на тэрыторыі Нахічэванскай Аўтаномнай Рэспублікі Азэрбайджанскай Рэспублікі, асабліва падкрэсьлілі, што падобныя дзеяньні супярэчаць нормам міжнароднага права. Генэрал-палкоўнік Керым Вяліеў падзякаваў калегам за іх пазыцыю і нададзеную падтрымку», — адзначаецца ў матэрыяле.

5 сакавіка іранскія бесьпілётнікі пацэлілі па горадзе Нахічэвань у Азэрбайджане. У выніку пацярпеў будынак аэрапорту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бесьпілётнікі з Ірану ўпалі ў Азэрбайджане, у тым ліку на аэрапорт у Нахічэвані

Урад Азэрбайджану выказаў пратэст праз гэтую атаку і патрабаваў ад Тэгерану «даць тлумачэньні па гэтым пытаньні і зрабіць неабходныя тэрміновыя захады для прадухіленьня паўтарэньня падобных інцыдэнтаў у будучыні». Прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў назваў атаку на Нахічэвань «тэрарыстычным актам».

Іран абверг сваё дачыненьне да ўдару, але паабяцаў правесьці расьсьледаваньне.

Увечары 6 сакавіка ўлады Азэрбайджану паведамілі пра прадухіленьне тэрактаў, якія нібыта рыхтаваў на тэрыторыі краіны іранскі Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі, у тым ліку на нафтаправодзе, а таксама на амбасаду Ізраіль і сынагогу.

Міністар замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў у тэлефоннай размове са сваім азэрбайджанскім калегам Джэйхунам Байрамавым абмеркаваў сытуацыю на Блізкім Усходзе, выказаў «словы шчырай падтрымкі» кіраўніцтву Азэрбайджану і «дружалюбнаму азэрбайджанскаму народу».

Празь некалькі гадзін пасьля гэтага прэм’ер-міністар Аляксандар Турчын выказаў «шчырую падтрымку на адрас кіраўніцтва [...] і дружалюбнага азэрбайджанскага народу» ў тэлефоннай размове з кіраўніком ураду гэтай краіны Алі Асадавым.

  • 28 лютага Ізраіль і ЗША пачалі наносіць удары па Іране, а Іран — па краінах рэгіёну, якія супрацоўнічаюць з ЗША.
  • Удары нанесеныя па Бахрэйне, Катары, Саудаўскай Арабіі, ААЭ. У Азэрбайджане няма вайсковых базаў ЗША, пра які-небудзь удзел гэтай краіны ў апэрацыі супраць Ірану не паведамлялася.
  • Нахічэванская рэспубліка аддзеленая ад асноўнай тэрыторыі Азэрбайджану тэрыторыяй Армэніі. Акрамя Армэніі, экскляў мяжуе з Іранам і на невялікім участку — з Турэччынай.