«Кажа зрок усё, ужо толькі цемру бачыць. Настрой, канешне, ня вельмі. Акрамя зроку агульны стан здароўя таксама пагоршыўся», — распавяла пра палітвязьня крыніца.
Вацлава Арэшку затрымалі ў красавіку 2022 году, праз год прысудзілі да 8 гадоў зьняволеньня, ужо трэці год палітвязьня трымаюць у івацэвіцкай калёніі № 22. Праз пэнсійны ўзрост палітвязьня не прымушаюць працаваць, але ягоны фізычны стан такі, што даводзіцца да мінімуму зьменшыць перасоўваньні.
Праваабаронцы ўключылі Вацлава Арэшку ў сьпіс палітвязьняў, якія знаходзяцца ў стане асаблівай рызыкі паводле здароўя і патрабуюць як хутчэйшага вызваленьня.
«Зімой было, зь ім размаўлялі ўжо з такімі намёкамі, што хутка выпусьцяць, але нічога не здарылася», — распавяла крыніца пра Вацлава Арэшку.
Пра сытуацыю з Вацлавам Арэшкам таксама расказвалі былыя палітвязьні, якім летась пашчасьціла выйсьці на волю.
Гэтак у верасьні на прэсавай канфэрэнцыі ў Вільні пра Арэшку расказаў былы палітвязень Аляксандар Манцэвіч, які таксама адбываў свой тэрмін у калёніі № 22. Паводле Манцэвіча, Арэшка ўжо на той момант амаль нічога ня бачыў, хоць раней чытаў кнігі.
«Яму дапамагаюць іншыя вязьні. Ідучы пад руку ў сталоўку, Вацлаў пытае, ці ёсьць на небе сонца. Як ходзіць уначы ў прыбіральню, то бывае, што спатыкаецца і падае, бо дрэнна бачыць», — расказаў Аляксандр Манцэвіч пра Арэшку.
У студзені 2026 году Вацлаву Арэшку споўнілася 70 гадоў. Паводле інфармацыі праваабаронцаў «Вясны», у калёніі Вацлаў Арэшка спрабаваў аформіць інваліднасьць, але зрабіць яму гэта пакуль не ўдалося.
Палітоляг і грамадзкі дзеяч, актывіст прафсаюзу РЭП Вацлаў Арэшка ў пачатку 2023 году быў асуджаны паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу, уключна з «стварэньнем экстрэмісцкага фармаваньня і ўдзелу ў ім», яго асудзілі на 8 гадоў зьняволеньня.
Праваабарончая ініцыятыва dissidentby прызнала 1179 асуджаны паводле палітычных матываў палітвязьнямі.
У сьпісе палітвязьняў праваабарончага цэнтры «Вясна» — 1140 зьняволеных.
Улады пэрыядычна вызваляюць зьняволеных, але затрыманьні і суды над абвінавачанымі паводле палітычных матываў не спыняюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 6 сакавіка: новыя абвінавачаньні і прысуды жанчынам-палітвязьням