Як беларусы ставяцца да вызваленьня палітвязьняў — вынікі апытаньня

Вызваленыя палітвязьні Марыя Калесьнікава, Алесь Бяляцкі, Віктар Бабарыка, каляж

Сьцісла

  • Паводле апытаньня беларускіх гараджанаў, якія карыстаюцца інтэрнэтам, траціна зь іх ставіцца да вызваленьня палітвязьняў станоўча, а 15% — адмоўна.
  • Стаўленьне зацятых прыхільнікаў Лукашэнкі да вызваленьня палітвязьняў — прыкладна такое ж, як і ў апытаных у сярэднім.
  • Прапаганда ўжо даволі доўгі час пераконвае аўдыторыю, што памілаваньне палітвязьняў — слушны і карысны крок.
  • Для прыхільнікаў Лукашэнкі тэма палітвязьняў збольшага неактуальная, іх асноўная матывацыя на карысьць вызваленьня палітвязьняў — гуманітарная.
Паводле апытаньня Chatham House доля тых, хто ставіцца да вызваленьня палітвязьняў станоўча, перавышае долю тых, хто ставіцца адмоўна, перавага станоўчых ацэнак назіраецца і сярод прыхільнікаў Лукашэнкі — кажа сацыёляг Кастусь Несьцяровіч.

Хто ўхваляе вызваленьне палітвязьняў?

— Учора Аляксандар Лукашэнка памілаваў 18 вязьняў, у тым ліку 15 палітвязьняў. Летась ён памілаваў 342 палітвязьняў. Як ставяцца беларусы да гэтых вызваленьняў? Сацыёляг Кастусь Несьцяровіч напісаў у Threads: «Большасьць беларусаў успрымаюць вызваленьні палітвязьняў пазытыўна ці нэўтральна, толькі 15% не ўхваляюць. Нават сярод праўладнага сэгмэнту такіх толькі 19%».

Кастусь, каго і калі апытвалі? Якая рэпрэзэнтатыўнасьць апытаньня?

— Гэта дадзеныя Chatham House. Калегі рабілі гэтае апытаньне ў другой палове 2025 года. Было апытана 800 прыкладна рэспандэнтаў, і дадзеныя, якія я прыводжу, прадстаўляюць меркаваньне беларускіх гараджанаў, якія маюць доступ да інтэрнэту, ва ўзросьце 18 гадоў і старэйшыя.

— А колькі пазытыўна і нэўтральна ставяцца да вызваленьня палітвязьняў — і сярод усіх рэспандэнтаў і сярод прыхільнікаў Лукашэнкі?

— Там амаль аднолькавыя разьмеркаваньні як сярод гараджанаў у цэлым, так і сярод праўладнага сэгмэнта. Крыху больш за палову ставяцца нэўтральна або не могуць адказаць на пытаньне аб адносінах да вызваленьня палітвязьняў. І каля траціны вітаюць гэты крок і сярод усіх апытаных і сярод прыхільнікаў Лукашэнкі. Сярод праўладных рэспандэнтаў крыху менш пазытыўнага стаўленьня і крыху больш нэўтральнасьці, але ў прынцыпе адрозьненьні нязначныя.

— Памятаю, апытаньне Chatham House напачатку 2025 году дэманстравала запыт на «адлігу», у тым ліку і сярод прыхільнікаў улады. Наколькі тагачасная доля тых, хто жадаў адлігі, блізкая да долі тых, хто зараз вітае вызваленьне палітвязьняў?

— У апытаньні Chatham House у пачатку 2025 года было пытаньне якраз пра пажаданасьць вызваленьня палітвязьняў. І разьмеркаваньне адказаў было прыкладна такое ж, як у апытаньні ў другой палове 2025 года, калі гэтыя вызваленьні ўжо пачалі адбывацца. І ў пачатку 2025 года таксама 15% былі супраць, у прыкладна паловы — нэўтральнае стаўленьне або адмова ад адказу, прыкладна траціна тады казала, што віталі б іх вызваленьне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». «Нават тыя, хто за Лукашэнку, хочуць адлігі», — кіраўнік праекту Chatham House Рыгор Астапеня

Чаму прыхільнікі Лукашэнкі — за вызваленьне палітвязьняў?

— Паводле дадзеных, на якія вы спасылаецеся, ладная частка прыхільнікаў улады таксама ня супраць вызваленьня палітвязьняў. Якая ў іх матывацыя станоўчага стаўленьня да гэтай меры? Зь іх пункту гледжаньня вызваленыя, да таго ж выправаджаныя, ужо небясьпечныя? Наяўнасьць палітвязьняў стварае дыскамфорт, напружанасьць? Гэта трэба для нармалізацыі адносінаў з Захадам?

— У дадатак да апытаньня ў пачатку 2025 года Chatham House праводзіў глыбінныя інтэрвію. Гэта такі мэтад, які якраз дазваляе падрабязна абмеркаваць матывацыю людзей, зразумець, чаму яны даюць тыя ці іншыя адказы. І вось гэтую тэму якраз абмяркоўвалі, у тым ліку з прадстаўнікамі праўладнага сэгмэнта. І асноўная выснова такая, што для іх тэма вызваленьня палітвязьняў проста неактуальная. Мы зараз гаворым не пра праўладных актывістаў, якіх паказваюць па тэлебачаньні, а пра звычайных людзей, якія палітыка Лукашэнкі з розных прычын задавальняе. Дык вось у іх інфармацыйнай бурбалцы сацыяльнай напругі ўжо даўно няма. Для іх быў нейкі мяцеж у 2020 годзе, але ўсіх ужо даўно перамаглі і тэма закрытая. Яны не сочаць так, як мы, за статыстыкай палітвязьняў, яны не адсочваюць новыя справы і лёсы зьняволеных, для іх гэта малаважная тэма.

І іх матывацыя — хутчэй гуманістычная. Людзі сядзяць у турме, турма — ня мёд. Можна і адпусьціць. Таму большасьць і прыхільнікаў улады альбо нэўтральныя, альбо за вызваленьне. Акрамя таго, частка прыхільнікаў рэжыму і ў гэтым пытаньні схільная сьледаваць прапагандзе. А прапаганда, чыноўнікі, і сам Лукашэнка з некаторага часу пачалі даволі мэтанакіравана пераконваць сваю аўдыторыю, што вызваляць палітвязьняў — гэта правільна.

Я нядаўна рабіў аналіз дыскурсу нашай улады наконт вызваленьня палітвязьняў і налічыў цэлых 11 наратываў, якія тлумачаць, чаму вызваляць людзей — гэта добра і гэта трэба рабіць. Пачынаючы з таго, што амэрыканцы папрасілі, а нам не шкада выканаць просьбу, і заканчваючы тэзай, што ўлада тым самым апазыцыі яшчэ горш робіць, таму што яны будуць мацней канкураваць за гранты. Так што частка праўладнага сэгмэнта проста згаджаецца ў гэтым пытаньні з прапагандай.

— А чаму Лукашэнка і прапаганда спрабуюць давесьці, што палітвязьняў вызваляць варта. І каго яны пераконваюць? Гэтых 19% сваіх прыхільнікаў, якія супраць? Гэта ж зусім няшмат. Дык чаго напінацца?

— Вызваленьні пачаліся ўжо ў другой палове 2024 года, хаця тады іх было менш і не вызвалялі самых вядомых палітвязьняў. Але ўжо тады прапаганда казала, што гэта слушна. Хто ведае, што было б, каб не яна? Можа, праціўнікаў вызваленьня палітвязьняў было б сярод прыхільнікаў Лукашэнкі тады больш — не 19%, а 30-40%. Магчыма, гэта рабілася і робіцца ня столькі для таго, каб пераканаць грамадзкую думку, колькі сваю эліту.

— Можна дапусьціць, што ва ўладнай эліце праціўнікаў вызваленьня палітвязьняў больш, чым у грамадзтве ў цэлым і чым сярод шараговых прыхільнікаў Лукашэнкі. Скажам, для сілавікоў такая мера наўпрост закранае іх інтарэсы.

— Магчыма. Магчыма, менавіта таму, акрамя Лукашэнкі, адзін з галоўных уладных сьпікераў, які выказваецца па гэтай тэме — гэта кіраўнік КДБ Іван Тэртэль. Адзін з самых уплывовых сілавікоў тлумачыць калегам, чаму ўлада робіць правільна ў гэтым пытаньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сын кіраўніка дзяржканцэрна і дачка каваля і швачкі. Новая арыстакратыя Лукашэнкі — аналіз сацыёляга