Народная ўлада?
— Кастусь, вы пачалі ў Threads весьці своеасаблівы сацыялягічны блог — распавядаць каротка пра вынікі сацыялягічных дасьледаваньняў. Адзін з самых цікавых сюжэтаў — пра новую арыстакратыю.
Вы пішаце ў Threads: «Прадстаўнікі ўлады ўвесь час падкрэсьліваюць, што беларуская дзяржава „ад народу“. На практыцы гэта ня так: доля прадстаўнікоў эліты, якія атрымалі ў спадчыну становішча ад бацькоў, у два разы вышэй, чым у сярэднім па Эўропе (23% vs 10%). Гэта міністры, кіраўнікі ключавых дзяржорганаў, вышэйшыя сілавікі і іншыя дзяржаўныя службоўцы, якія паходзяць з сем’яў такіх жа прадстаўнікоў эліты».
Як атрыманыя гэтыя дадзеныя? Гэта ж ня вынікі апытаньняў.
— Гэта аналіз біяграфіяў. Я проста ўзяў сьпіс усіх нашых топ-чыноўнікаў, міністраў, іх намесьнікаў і гэтак далей, і пашукаў у інтэрнэце адкрытую інфармацыю аб іх паходжаньні, аб тым, кім працавалі іх бацькі. Усяго інфармацыя ёсьць аб 61 чыноўніку на самых вышэйшых пасадах. Інфармацыя пра іх бывае на дзяржсайтах у іх афіцыйных біяграфіях ці яны самі пра гэта гавораць у інтэрвію. Скажам, я высьветліў, што Дзьмітры Круты — кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі — сын кіраўніка найбуйнейшага дзяржаўнага канцэрна «Беллеспаперапрам». А Натальля Качанава, напрыклад, дачка каваля і швачкі. І я палічыў адсоткі, хто зь іх зь якіх семʼяў.
— Вы напісалі, што ў Эўропе гэтая доля сучасных чальцоў уладнай эліты, якія зь яе і паходзяць — 10%. А адкуль узятыя гэтыя дадзеныя?
— Гэта распаўсюджаны напрамак дасьледаваньняў, ёсьць шмат акадэмічных публікацый з дадзенымі па Эўропе. Я рабіў свой аналіз па такой жа мэтодыцы. Бяруць біяграфіі асоб, якія займаюць вышэйшыя дзяржаўныя пасады, і глядзяць, хто былі іх бацькі, кім працавалі.
— А ў дасьледаваньнях па Эўропе абʼём выбаркі прыкладна такі ж ці там ахопліваюць шырэйшае кола?
— Там у розных дасьледаваньнях выкарыстоўваюцца розныя выбаркі. У Беларусі кола гэтых чыноўнікаў большае. Першапачаткова я вызначыў яго ў 200 чалавек. Але не пра ўсіх ёсьць інфармацыя. У эўрапейскіх краінах сыстэма больш празрыстая, дадзеных больш, таму выбарка часам большая. Але часам непаўната інфармацыі некрытычная. Скажам, я глядзеў дадзеныя па беларускіх чыноўніках, ці паходзяць яны з гораду ці з вёскі. Гэта таксама важны паказчык. Гэтая інфармацыя ёсьць па шырэйшым коле. Але долі гараджан і вяскоўцаў па паходжаньні — тыя ж, што і ў групе з 61 чалавека, па якіх удалося высьветліць, хто былі іх бацькі.
— А па Эўропе дадзеныя моцна адрозьніваюцца?
— Адрозьніваюцца. Скажам, у Нямеччыне сярод вышэйшай эліты дзяцей вышэйшай эліты ўсяго 1%. Гэта значыць, сацыяльныя ліфты вельмі добра працуюць. У іншых краінах больш, дзе 6%, дзе 17%. Вылучаецца Грэцыя — там гэты паказчык складае 20%, блізка да беларускага значэньня. У ЗША — прыкладна, як у Эўропе ў сярэднім — 12%. Па Расеі і Кітаю дадзеных няма. У Індыі — 12%, як у ЗША, Канадзе і Аўстраліі.
У сярэднім сярод мадэрнізаваных краін, дзе дэмакратычныя інстытуты больш разьвітыя, звычайна гэты паказчык дастаткова нізкі. Але гэта не заўжды так. Вось, напрыклад, у Японіі паказчыкі нават вышэйшыя, чым у Беларусі. Японскія дасьледнікі кажуць, што гэта праблем для краіны. Там 28% дзейнай эліты — гэта выхадцы з той самай эліты, умоўныя «арыстакраты».
З якіх сацыяльных слаёў паходзіць кіроўная эліта Беларусі?
Крыніцы: Аналіз біяграфіяў 61 беларускага чыноўніка вышэйшага ўзроўню
Як зьмяніўся склад кіроўнай эліты за гады кіраваньня Лукашэнкі?
— Яшчэ допіс у вашым Threads: «Кіруючая эліта пры Лукашэнку ўсё больш арыстакратызуецца. Сярод вышэйшых чыноўнікаў, якія прыйшлі ва ўладу да 1996 года, 49% — гэта выхадцы з народу: з вёсак, працоўных семʼяў, настаўнікаў. А вось сярод тых, хто прыйшоў ва ўладу пры цяперашняй сыстэме, такіх усяго 29%. Усё часьцей у кіруючую эліту трапляюць прадстаўнікі вышэйшай клясы: дзеці афіцэраў, дырэктараў прадпрыемстваў і бюджэтных арганізацыяў». А як суадносяцца гэтыя лічбы з папярэднімі, з 23% эліты, якая паходзіць з эліты?
— 23% дзейнай эліты — гэта дзеці такой жа эліты. А ў маладым пакаленьні кіроўнай эліты дзяцей простага народу — 29%. Ва ўсёй цяперашняй кіроўнай эліце — 23% — з эліты жа, 36% — з простых людзей, з сярэдняй і ніжэйшай клясаў, і 41% з вышэйшай клясы — гэта дзеці не эліты, але вышэйшых слаёў грамадзтва, фігуральна кажучы, не генэралаў, але афіцэраў.
— Гледзячы па ўсім, 49% эліты, якія паходзілі з простага люду, што фіксавалася да сярэдзіны 90-х — гэта ў пэўным сэнсе рэха СССР. А пазьней пачала фармавацца дастаткова замкнёная вышэйшая кляса, якая перадае свае статусы ў спадчыну, своеасаблівая новая шляхта. А гэта кепска?
— Так, узьнікае новая шляхта, і гэта, у прынцыпе, дрэнна, бо гэта кансэрвуе сыстэму. У значнай меры гэта ня проста вышэйшая кляса, а гэта асаблівы від вышэйшай клясы, якая сфармавалася вакол дзяржавы і бюджэтнай сфэры. Гэта дзеці дырэктараў дзяржпрадпрыемстваў, дырэктараў школаў, дзяржаўных бюджэтных арганізацыяў, дзеці кіраўнікоў калгасаў, афіцэраў, гэта значыць людзей, якія залежаць ад дзяржавы. Гэта не людзі, якія нечага дасягнулі ў незалежнай ад дзяржавы сфэры, у прыватным бізнэсе ці ў незалежнай культуры. Адпаведна, яны атрымалі свае статуты і бонусы, працуючы на дзяржаўную сыстэму. І яны зацікаўленыя ў тым, каб гэтая сыстэма захоўвалася ў такім выглядзе, у якім яна зараз ёсьць, каб захаваць сваё становішча і па магчымасьці перадаць яго сваім дзецям.
Калі эліта, вышэйшыя топ-чыноўнікі, набіраюцца збольшага з вось гэтай новай «шляхты», то гэта проста неэфэктыўная кадравая палітыка. Руплівыя і таленавітыя людзі нараджаюцца ва ўсіх сацыяльных пластах, і, адпаведна, яны павінныя мець супастаўныя роўныя шанцы на тое, каб атрымаць добрую адукацыю, пабудаваць карʼеру і, у тым ліку, дайсьці да кіруючай эліты. А калі гэтага не адбываецца, то ў эліту трапляюць ня самыя кампэтэнтныя, а тыя, хто проста лепш за ўсё ўмее служыць гэтай сыстэме. І вось такім чынам зьмяншаецца якасьць дзяржкіраваньня і ўсім робіцца горш.
Якія інтарэсы мае новая беларуская арыстакратыя?
— Вы пішаце: «Такая „арыстакратычная“ эліта перасьледуе вузкія групавыя інтарэсы, а не інтарэсы грамадзтва ў цэлым». А чалавек з народу, які трапіў у эліту, абавязкова будзе адстойваць інтарэсы народу? Як пісаў сацыёляг Алег Манаеў, Лукашэнка, які ў 1994 годзе многім здаваўся Робін Гудам, даўно стаў шэрыфам Натынгемскім.
— Ну так. Калі чалавек паходзіць з простага люду, гэта ня значыць, што, трапляючы ва ўладу, ён будзе перасьледваць інтарэсы простых людзей, таму што ён у любым выпадку будзе дзейнічаць, зыходзячы са сваёй новай сацыяльнай пазыцыі, зыходзячы з лёгікі кіруючай эліты. Аднак, калі абапірацца на дасьледаваньні, то вынікі супярэчлівыя. Некаторыя дасьледаваньні супастаўляюць палітычную пазыцыю палытыка і яго сацыяльнае паходжаньне і прыходзяць да высновы, што асаблівай сувязі няма, што выхадцы з эліты могуць могуць выступаць за палітыку, якая выгадная працоўным клясам, і наадварот. Але ёсьць дасьледаваньні, якія паказваюць, што ўсё ж сувязь існуе.
Ну і ў цэлым, наяўнасьць сацыяльных ліфтаў, магчымасьці, каб у эліту траплялі людзі з розных пластоў, з розных клясаў, розных семʼяў, гэта ўсё ж робіць яе больш чульлівай да інтарэсаў розных пластоў грамадзтва. Гэта, вядома, не гарантуе, што яна будзе працаваць у інтарэсах усяго грамадзтва, таму што апроч сацыяльных ліфтаў важна рабіць гэтую эліту менш самаўладнай, каб улада была не такой цэнтралізаванай, каб прыняцьцё ключавых рашэньняў не было сканцэнтраванае ў руках невялікай купкі людзей.
Арыстакратызацыя — гэта норма?
— Гэтая «арыстакратызацыя эліты» — ці стварае яна сацыяльнае напружаньне ў грамадзтве? Можа, грамадзтва ўспрымае гэта як норму? Панамі робяцца дзеці паноў — хіба гэта няправільна? Ці беларусам бліжэй погляд Каліноўскага, сфармуляваны пад шыбеніцай — Няма паноў, усе роўныя?
— Па бягучых апытаньнях мы бачым, што гэтая тэма «арыстакратызацыі эліты» спрыяе сацыяльнаму напружаньню. Гэта хутчэй не падабаецца людзям, яны нэгатыўна гэта ацэньваюць, таму «арыстакратызацыя эліты» — гэта ж усяго толькі адна з праяў сацыяльнай няроўнасьці. Дзе ўлада, там і грошы. І дзе грошы, там і ўлада. Асабліва ў Беларусі. І калі мы пытаемся беларусаў, якія праблемы сёньня актуальныя ў краіне, то па ўсіх апытаньнях самыя важныя праблемы, якія хвалююць людзей — гэта сацыяльна-эканамічныя праблемы. І сярод іх сацыяльная няроўнасьць, разрыў паміж багатымі і беднымі, гэта адна з самых адчувальных сфэраў. Паводле вастрыні яна саступае толькі росту цэнаў.
Па дадзеных дасьледчага цэнтру ISANS сярод прычынаў сацыяльнай няроўнасьці беларусы называюць дзьве топавыя. Гэта розьніца ў даходах паміж людзьмі і розьніца ва ўзроўні ўлады. Другое — гэта як раз згаданая «арыстакратызацыя». У нас гэтая праблема незаслужана мала абмяркоўваецца, гэтае пытаньне ня вельмі палітызаванае, таму ў людзей не хапае мовы, каб выказаць гэтую незадаволенасьць. То бок, калі на глыбінных інтэрвію людзей пытаюцца: «А вось што вы думаеце пра няроўнасьць у Беларусі, у чым яна праяўляецца?», яны ўзгадваюць розьніцу паміж Менскам і рэгіёнамі, але, напрыклад, не паміж вышэйшымі чыноўнікамі і простымі людзьмі. Але калі пытаньне з падказкай, калі наўпрост пытаюцца пра няроўнасьць паміж вышэйшай клясай і простымі людзьмі, то людзі кажуць, што яны гэтым незадаволеныя.
Лукашэнка гэтым, дарэчы, карыстаецца. Ён жа рэгулярна заяўляе, што ў Беларусі ўлада — ад народа, гэта выхадцы з народу, а не нейкія арыстакраты. Вось ён нядаўна дэманстратыўна віламі сена варочаў. Навошта? Каб паказаць, што ён не арыстакрат, што ён такі ж, як і просты народ. Хаця насамрэч менавіта ён зьяўляецца стваральнікам новай арыстакратыі.
Форум