У выведцы Літвы расказалі пра галоўныя фактары рэгіянальнай бясьпекі. Пагрозы з боку Расеі і Беларусі застаюцца

Амбасада Беларусі ў Вільні. Ілюстрацыйнае фота

Літоўскія спэцслужбы — Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі і Другі дэпартамэнт апэратыўных службаў Міністэрства нацыянальнай абароны — прадставілі несакрэтную частку новай штогадовай ацэнкі пагроз нацыянальнай бясьпецы.

Сярод гэтых пагроз — Расея, Беларусь і Кітай.

«Нарошчваньне Расеяй ваеннай моцы зьяўляецца найважнейшым фактарам, які вызначае рэгіянальную бясьпеку. Сытуацыя зь бясьпекай у Літве і рэгіёне залежыць ад ваенных магчымасьцяў Расеі, рост якіх запавольваецца вайной супраць Украіны. Цяпер Расея вымушана прысьвяціць амаль усе свае даступныя магчымасьці фронту, [...] аднак гэта можа зьмяніцца ў залежнасьці ад сытуацыі на фронце», — адзначаецца ў справаздачы.

Паводле спэцслужбаў Літвы, нягледзячы на дэманстрацыю жаданьня беларускага рэжыму аднавіць дачыненьні з Захадам, зьменаў ва ўнутранай палітыцы Беларусі не адбываецца і «яго дзеяньні датычна Літвы і суседніх краін, хутчэй за ўсё, застануцца агрэсіўнымі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вайсковая выведка Літвы выявіла, як замаўляюць надпісы «Вільня наша». Вінавацяць спэцслужбы «варожых краін»

Усё гэта адбываецца на тле спробаў Кітаю стварыць «шматпалярны ўсясьветны парадак» і пашырае супрацу з Расеяй і Беларусьсю.

У справаздачы адзначаецца, што «суб’екты, зьвязаныя з Расеяй і Беларусьсю, [...] шукаюць новыя магчымасьці для працы ў стратэгічна важных сэктарах або атрымаць доступ да інфраструктуры».

«Асобныя прадстаўнікі бізнэсу, якія працуюць у Эўропе і ЗША, выкарыстоўваюцца ў якасьці прыкрыцьця — пры ўдзеле бізнэсоўцаў з надзейных краін такія субʼекты імкнуцца схаваць сваю ролю і стварыць станоўчы імідж дзелавой ініцыятывы. Расейскія і беларускія субʼекты таксама імкнуцца выкарыстоўваць кампаніі, якія працуюць у літоўскім тэхналягічным сэктары. Гэта мае на мэце распрацоўку і ўкараненьне тэхналёгій, распрацаваных на Захадзе. Цікаўнасьць Расеі і Беларусі да атрыманьня заходніх тэхналёгій будзе заставацца надзвычай высокай», — адзначаецца ў справаздачы.

У прыватнасьці, выведка высьветліла, як Расея і Беларусь, прыкрываючыся створанымі ў сэктары высокіх тэхналёгій у Літве кампаніямі UAB NTLab і UAB Kosminis Vytis, атрымлівалі для вайсковай прамысловасьці тэхналёгіі. Заснавальнікам гэтых кампаній быў грамадзянін Беларусі Дзьмітры Чарнякоўскі, які кіраваў кампаніямі разам з сынам Мікалаем і дачкой Дарʼяй.

«Насуперак сваім заявам, апошнія, разьвіваючы сваю дзейнасьць у Літве, не спынілі сувязі з Расеяй і Беларусьсю — яны кантралявалі свае кампаніі ў гэтых краінах і падтрымлівалі дачыненьні з арганізацыямі, зьвязанымі з расейскай і беларускай вайсковай прамысловасьцю», — адзначаецца ў справаздачы.

Паводле спэцслужбаў Літвы, Мікалай Чарнякоўскі ўзначальваў кампаніі ў Расеі — Navitron і Sainstech. У групу кампаній, пад кіраўніцтвам гэтых бізнэсоўцаў, таксама ўваходзілі беларускія кампаніі SoftSistemz, NaviIS і MikroDizain.

Кампаніі групы NTLab у Расеі і Беларусі ўдзельнічалі ў распрацоўцы вайсковых праграм, супрацоўнічалі зь Беларускай вайсковай акадэміяй і навукова-тэхнічным цэнтрам LEMT, а таксама з расейскімі паркам высокіх тэхналёгій «Сколкава», навукова-тэхнічным цэнтрам «Модуль», кампаніяй «Мікрон» і іншымі арганізацыямі, большасьць зь якіх знаходзяцца паж міжнароднымі санкцыямі.

«NTLab і Kosminis Vytis заяўлялі, што яны зьяўляюцца літоўскімі кампаніямі, якія нібыта ня маюць сувязяў зь менскім і крамлёўскім рэжымамі. Аднак літоўская назва была для іх толькі прыкрыцьцём для рэалізацыі сваіх інтарэсаў. Дзейнасьць і сувязі гэтых кампаній у Расеі і Беларусі ўяўлялі пагрозу для інтарэсаў нацыянальнай бясьпекі — яны стваралі магчымасьці для расейскіх і беларускіх структур, зьвязаных з вайсковай прамысловасьцю, завалодаць тэхналёгіямі, распрацаванымі ў Літве і іншых краінах, і тым самым спрыяць умацаваньню рэжымаў Крамля і Менску», — паведамляецца ў дакумэнце.

Вясной 2025 году, як адзначаецца, улады Літвы спынілі дзейнасьць гэтых кампаній.

У спэцслужбах Літвы таксама мяркуюць, што беларускі рэжым прадоўжыць вэрбаваць агентаў сярод грамадзян Літвы і зь беларускай дыяспары, а таксама ствараць у сваёй прапагандзе вобраз Літвы, якая агрэсіўна ставіцца да Беларусі.

Апроч таго, выведка не выключае, што інтэнсыфікацыя супрацы Беларусі з Кітаем, найперш у сфэры абароны, можа стварыць дадатковыя праблемы для нацыянальнай бясьпекі Літвы, паколькі яны будуць спрыяць больш цеснаму супрацоўніцтву паміж кітайскімі і беларускімі спэцслужбамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўскаму блогеру, «экспэрту» прапаганды ў Беларусі, абмежавалі свабоду і забаранілі карыстацца інтэрнэтам