«У Будапэшце вугорская ўлада захапіла ў закладнікі сем грамадзян Украіны. Прычыны, а таксама іх стан здароўя і магчымасьць сувязі зь імі дагэтуль невядома», — паведаміў Андрэй Сыбіга ўвечары 5 сакавіка.
Украінскі міністар назваў гэта «дзяржаўным тэрарызмам і рэкетам».
Андрэй Сыбіга дадаў, што Ўкраіна накіравала Вугоршчыне адпаведную афіцыйную ноту, а таксама неўзабаве зьвернецца ў Эўрапейскі зьвяз наконт «дакладнай кваліфікацыі незаконных дзеяньняў Вугоршчыны, захопе закладнікаў і рабаваньня».
Перад гэтым ва ўкраінскім дзяржаўным банку «Ощадбанк» паведамілі аб беспадстаўным затрыманьні ў Вугоршчыне двух аўтамабіляў інкасатарскай службы, якія суправаджалі сем супрацоўнікаў брыгады інкасацыі. Яны перавозілі замежную валюту і банкаўскія мэталы з аўстрыйскага Raiffeisen Bank у «Ощадбанк Україна».
Паводле GPS-сыгналу, аўтамабілі знаходзяцца ў цэнтры Будапэшту, паблізу адной з сілавых структур Вугоршчыны. Іх месца знаходжаньня пацьвердзілі прадстаўнікі амбасады Ўкраіны ў Вугоршчыне.
Банк ацэньвае аб’ём каштоўнасьцяў, якія былі ў аўтамабілях, у 40 мільёнаў даляраў, 35 мільёнаў эўра і 9 кіляграмаў золата.
Перад гэтым інцыдэнтам Украіна і Вугоршчына абмяняліся некалькімі рэзкімі заявамі, якія былі выкліканыя спыненьнем транзыту нафты праз пашкоджаны ў выніку расейскага абстрэлу нафтаправод «Дружба», а таксама праз незаконную перадачу Расеяй Будапэшту ваеннапалонных грамадзян Украіны, якія адначасова мелі вугорскае грамадзянства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Орбан прыгразіў прарваць нафтавую блякаду Ўкраіны сілай. Зяленскі — даць тэлефон «адной асобы ў Эўразьвязе» ўкраінскім вайскоўцам