Навіны палітвязьняў: Аўтуховіча з калёніі ў Навасадах вярнулі ў горадзенскую турму

Мікалай Аўтуховіч, архіўнае фота

На 23 лютага ў Беларусі было як мінімум 1142 палітвязьні, прызнаныя праваабарончай супольнасьцю, а паводле Dissidentby.com іх 1182. Рэальна зьняволеных з палітычных матываў у краіне можа быць больш

Палітвязень Мікалай Аўтуховіч пераведзены з папраўчай калёніі № 14 ў Навасадах у гарадзенскую турму № 1, паведаміла Свабодзе дасьведчаная крыніца. Паводле крыніцы, у горадзенскай турме Аўтуховіч знаходзіцца з 31 студзеня.

Рашэньне аб пераводзе Аўтуховіча на турэмны рэжым выязны суд прыняў у калёніі 23 студзеня. На колькі гадоў Мікалая Аўтуховіча зноў перавялі на турэмны рэжым, дагэтуль невядома.

Паводле слоў крыніцы, Мікалай Аўтуховіч апынуўся ў той жа камэры, дзе быў да пераводу з горадзенскай турмы ў Навасады ў канцы 2025 году.

«Этап заняў адзін дзень, ужо 31 студзеня быў у былой камэры. З праблем толькі тое, што ня ўсё зь ягоных рэчаў яму аддалі», — паведаміла крыніца.

Стан здароўя Аўтуховіча, паводле крыніцы, ранейшы.

«З зубамі заўсёды праблема, але сказаў, каб за яго не хваляваліся», — сказала крыніца.

У горадзенскай турме № 1 Мікалай Аўтуховіч прабыў больш за тры гады з агульнага тэрміну ў 25 гадоў, які яму прызначыў суд у 2022 годзе. У калёнію ў Навасадах палітвязьня перавялі ў канцы мінулага году, паколькі ў яго скончыўся тэрмін знаходжаньня менавіта на турэмным рэжыме, але ўжо праз тры тыдні на новым месцы над Аўтуховічам зноў адбыўся суд, які другім разам прызначыў яму турэмны рэжым. За што дадаткова пакаралі палітвязьня, невядома.

Былога прадпрымальніка з Ваўкавыску, праваабаронцу і актывіста Мікалая Аўтуховіча затрымалі ў сьнежні 2020 году, а ў кастрычніку 2022-га асудзілі на 25 гадоў зьняволеньня паводле 10 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, уключна з такімі цяжкімі, як «акт тэрарызму» і «змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам». Паводле выраку, першыя 5 гадоў ён мусіў адбыць на турэмным рэжыме.

Гэта ўжо трэцяе зьняволеньне Мікалая Аўтуховіча. Першае было з кастрычніка 2005 году да студзеня 2008-га. Другое — зь лютага 2009-га да красавіка 2014 году, прычым больш за два гады да канца тэрміну ён правёў у горадзенскай турме.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мікалая Аўтуховіча зноў адправяць з калёніі на турэмны рэжым
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прасіў не перажываць за яго». Мікалай Аўтуховіч сустрэў за кратамі 63 гады
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пяць драматычных і кранальных гісторыяў беларускіх палітвязьняў у 2025 годзе