Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прасіў не перажываць за яго». Мікалай Аўтуховіч сустрэў за кратамі 63 гады


Мікалай Аўтуховіч, архіўнае фота
Мікалай Аўтуховіч, архіўнае фота

7 студзеня палітвязьню Мікалаю Аўтуховічу споўнілася 63 гады. Дзень народзінаў палітвязень мусіў сустрэць у калёніі, а не ў турме, куды трапіў на рашэньне суду больш за чатыры гады таму.

Мікалая Аўтуховіча затрымалі 1 сьнежня 2020 году. Шосты раз за час цяперашняга тэрміну зьняволеньня прадпрымальнік і праваабаронца адзначае дзень народзінаў за кратамі (ня лічачы двух тэрмінаў у 3 і 5 гадоў, адбытых у другой палове 2000-х і 2010-х гадах).

Але сваякам палітвязьня дакладна невядома, дзе ён цяпер. Летась у сьнежні Аўтуховіча мусілі перавесьці з горадзенскай турмы ў калёнію, ён пасьпеў паведаміць сваякам, што рыхтуецца да этапу, але не ўдакладніў, куды яго накіруюць. Крыніца, дасьведчаная ў справах Мікалая Аўтуховіча, расказала Свабодзе, што лістоў ад яго з новага месца ўтрыманьня дагэтуль не было.

Пра ранейшыя справы і стан здароўя Мікалая Аўтуховіча крыніца ведае толькі зь ліста, напісанага ў лістападзе.

«Апошні раз яшчэ з горадзенскай турмы напісаў, што ў яго ўсё па-ранейшаму, ні на што ня скардзіўся, прасіў не перажываць за яго», — падзялілася зьвесткамі крыніца.

Крыху новай інфармацыі пра Мікалая Аўтуховіча дадаў былы палітвязень Павал Севярынец, які адбываў тэрмін у той жа горадзенскай турме, адкуль вызваліўся 13 сьнежня. Паводле Паўла Севярынца, Аўтуховіч у турме «трымаўся як крэмень».

«Ён трымаецца вельмі добра. Для Аўтуховіча ў турме спэцыяльныя ўмовы, ён у асобнай камэры, у адзіночцы. Наколькі я магу меркаваць, ён, дзякуй Богу, жывы і ў бадзёрым стане. Што зь ягоным здароўем, дакладна ня ведаю. Міколу Аўтуховіча прызнаюць легендай і іншыя вязьні, нават тыя, хто супрацоўнічае з адміністрацыяй... Ён трымаецца там як крэмень», — сказаў Павал Севярынец у размове з Радыё Свабода 5 студзеня.

На момант інтэрвію Севярынец таксама ня ведаў, куды перавялі для далейшага адбыцьця пакараньня Мікалая Аўтуховіча.

Мікалай Аўтуховіч асуджаны на 25 гадоў паводле 10 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, уключна з такімі цяжкімі, як 289 — «акт тэрарызму» і 357 — «змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам», за якія прадугледжана нават сьмяротнае пакараньне.

Для Аўтуховіча гэта трэці тэрмін зьняволеньня ў ягоным жыцьці, таму паводле беларускіх законаў яго маюць утрымліваць у калёніях для рэцыдывістаў з строгім альбо асаблівым рэжымам. Такіх калёніяў у краіне некалькі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG