Старшы дасьледнік CPJ у Эўропе і Цэнтральнай Азіі Ганна Браха адзначыла, што камітэт «глыбока ўзрушаны» пакараньнем Янукевіча і Пакаленкі на 14 і 12 гадоў пазбаўленьня волі адпаведна.
«Гэты вырак закліканы падтрымліваць атмасфэру тэрору вакол незалежных СМІ ў краіне. Улады павінны неадкладна вызваліць Янукевіча і Пакаленку разам з усімі зьняволенымі журналістамі», — заявіла прадстаўніца арганізацыі.
Адзначаецца, што CPJ накіраваў у Сьледчы камітэт электронны ліст з просьбай пракамэнтаваць справу Янукевіча і Пакаленкі, аднак «адказу не атрымаў».
Берасьцейскі абласны суд 26 лютага абвясьціў вырак двум чалавекам, якіх, паводле інфармацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), абвінавацілі ў «здрадзе дзяржаве» (арт. 356 КК). Акрамя пазбаўленьня волі, ім таксама прызначылі штрафы: Янукевічу — 3000 базавых велічынь (135 тыс. рублёў), Пакаленку — 1000 б.в. (45 тыс. рублёў). Яшчэ суд пастанавіў спагнаць зь іх дадаткова 200 тыс. рублёў у якасьці «кампэнсацыі нанесенай краіне шкоды».
Праваабарончая супольнасьць Беларусі прызнала журналістаў палітвязьнямі.
Янукевічу 65 гадоў. Ён быў дырэктарам і галоўным рэдактарам рэгіянальнай газэты Intex-Press. 44-гадовы Пакаленка працаваў у выданьні намесьнікам дырэктара ў разьвіцьці. Пасьля ліквідацыі газэты ўладамі мэдыямэнэджары стварылі рэгіянальны партал навін bar24.by.
Сайт bar24.by апошні раз абнаўляўся 8 сьнежня 2024 году. 13 студзеня 2025-га ён перастаў адкрывацца. Незалежныя баранавіцкія журналісты зазнаюць перасьлед з 2020 году.
Рэдакцыя Intex-Press сутыкнулася з праблемамі ў працы пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.
Паводле зьвестак БАЖ, у месцах пазбаўленьня волі за сваю прафэсійную дзейнасьць знаходзяцца ня менш як 28 прадстаўнікоў мэдыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расказваем пра справу выданьня Intex-Press, рэдактары якога атрымалі вялікія турэмныя тэрміны