Прыхільнікі Лукашэнкі адкрываюць для сябе Threads. Што яны там робяць

Ілюстрацыя

У сацыяльнай сетцы Threads ужо больш за паўмільёна беларусаў, гэтай сеткай актыўна карыстаюцца блогеры, актывісты, а таксама прыхільнікі Лукашэнкі. Глядзім, як яны асвойваюць і выкарыстоўваюць адносна новую плятформу.

533 тысячы — столькі беларусаў, паводле статыстыкі Meta, карыстаюцца адносна новай сацыяльнай сеткай Threads (літаральна — «Ніткі»).

Гэтая колькасьць ня ўлічвае беларусаў, якія заходзяць на плятформу зь іншых краін. Threads — прадукт кампаніі-ўладальніцы Facebook і Instagram, які запусьцілі ў ліпені 2023 году. Паступова адносна новая сетка пачала набіраць папулярнасьць у беларусаў, там стала больш беларускай мовы, а карыстальнікі зь іншых краін пачалі жартаваць, што Threads «захапілі беларусы». Акаўнты на гэтай плятформе заводзяць таксама праўладныя беларускія актывісты і журналісты. Паглядзелі, як яны выкарыстоўваюць гэтую сацыяльную сетку, якія прасоўваюць ідэі і як на гэта рэагуюць іншыя карыстальнікі.

«Сапсаваў сьвята 8 сакавіка сваёй жонцы»

Threads любяць за шчырасьць. Асноўны зьмест там, адрозна ад іншых сетак, — гэта тэкставыя гісторыі з жыцьця. Чым цікавейшая гісторыя, чым больш адкрыта і шчыра яна расказаная, тым, як правіла, больш людзей яе ацэняць. Прыклад — беларус Ігар зь Віцебску, які проста напісаў, што «ідзе бухі дадому», прыклаў фота і набраў сотні тысяч падабаек.

Тэндэнцыі ў бок шчырасьці спрабуюць адпавядаць і прадстаўнікі беларускай улады. Напрыклад, дэпутат Алег Гайдукевіч апублікаваў у сябе ў Threads кавалак размовы з журналістамі агенцтва «Минск-новости». Там ён падзяліўся гісторыяй, як сапсаваў ужо былой жонцы сьвята ў Міжнародны жаночы дзень. Гайдукевіч падарыў ёй вагі і антыцэлюлітны крэм і прызнаўся, што яна пасьля зь ім не размаўляла некалькі дзён. Журналістка Алёна Радоўская не стрымалася і дадала: «Таму яна ў вас і былая».

Скрыншот з допісу Алега Гайдукевіча ў Threads

Іншыя карыстальнікі адрэагавалі на заявы дэпутата: «Эх Алег, Алег, лепш бы кветкі дарыў у гэты дзень, а швабру і патэльню разам бы купілі ў іншы», — напісала карыстальніца.

У Гайдукевіча ў Threads 1498 падпісантаў, ён звычайна публікуе відэа, а не тэкст. У іх ён крытыкуе Ўладзіміра Зяленскага, Літву, Польшчу, расказвае, як гуляе ў баскетбол і віншуе падпісчыкаў зь сьвятамі.

«Бывай, сябра»

Кіраўнік дзяржаўнага агенцтва «Минск-новости», ён жа старшыня праўладнага саюзу журналістаў, Андрэй Крывашэеў мае ў Threads усяго адзін запіс. Гэта відэа памяці пра загінулага апэратара, былога палітвязьня Дзяніса Сакалоўскага. Відэа падпісана: «Бывай, сябра».

У ім фатаздымкі Дзяніса, у тым ліку разам з Андрэем Крывашэевым. Цела беларускага палітычнага ўцекача Дзяніса Сакалоўскага знайшлі ў кватэры ў Бэрліне сёлета 21 лютага. Яму было 47 гадоў. Перад гэтым мужчына некалькі месяцаў хварэў. Сям'і памерлага патрэбныя сродкі, толькі перавоз цела памерлага на радзіму будзе каштаваць каля 2800 эўра. 25 лютага фонд BySol адкрыў адпаведны збор.

У 2020 годзе Сакалоўскі далучыўся да страйку ў Белтэлерадыёкампаніі. Яго звольнілі. Разам з калегамі ён працаваў над стварэньнем незалежнай мэдыяплятформы — «альтэрнатыўнай тэлевізіі». 22 сьнежня 2020 году яго затрымалі ў справе «Прэс-клюбу». Восем месяцаў ён правёў у СІЗА. У 2022 годзе Дзяніс выехаў зь Беларусі ў Нямеччыну.

У Instagram Андрэя Крывашэева (гэтую сацсетку ён вядзе больш актыўна), прынамсі ў публічным доступе ня толькі для сяброў, няма згадак пра сьмерць Дзяніса Сакалоўскага.

Мода і таролягі

Вядоўца дзяржаўнай беларускай тэлевізіі, прыхільніца Лукашэнкі Ксенія Лебедзева выкладае ў сваім акаўнце ў Threads фрагмэнты сваіх відэасюжэтаў. Ня самы папулярны жанр для гэтай сеткі, што відаць з рэакцыі карыстальнікаў: рэдка якія публікацыі Ксеніі зьбіраюць больш за 10 падабаек, камэнтароў наагул адзінкі, сярод іх ёсьць грубая крытыка ад апанэнтаў. У Ксеніі ў гэтай сацсетцы 942 падпісчыкі.

Лебедзева падпісаная на каналы, прысьвечаныя ювэлірным упрыгожваньням, салёнам прыгажосьці, адзеньню, а таксама на таролягаў.

У яе ў сябрах шмат чыноўнікаў і прадзяржаўных журналістаў. Большасьць іх ня вельмі актыўна вядзе старонкі ў новай сацыяльнай сетцы. Напрыклад, профілі кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі Ігара Тура і вядоўцы навінаў Ілоны Валынец наагул пустыя. Многія прадзяржаўныя вядоўцы, напрыклад Грыгорый Азаронак, проста перастаўляюць фрагмэнты сваіх сюжэтаў.

Рэгіянальныя актывісты

Ёсьць і больш актыўныя праўладныя карыстальнікі Threads. Напрыклад, вядоўца «Витебских вестей» і ён жа ідэоляг Віцебскага аблвыканкаму Сьвятаслаў Міхайлаў. У аўтара ўсяго 59 падпісчыкаў, але ён рэгулярна выкладае відэа з крытыкай заходніх краін, апазыцыі, Украіны. Відэа — ня самы папулярны фармат у гэтай сетцы, шмат рэакцыяў гэтыя допісы не зьбіраюць. А камэнтары — у асноўным крытыка выказваньняў Міхайлава ў грубай форме.

«Гэта проста тэст, выведка»

Мэдыяэкспэртка, доктарка навук Ірына Сідорская мяркуе, што для беларускай прадзяржаўнай прапаганды Threads пакуль не ў прыярытэце. А тыя, хто іх выкарыстоўвае, робяць гэта для выведкі, каб проста тэставаць.

«Гэта не галоўная пляцоўка для іх, не галоўны фармат. Увесь час галоўныя ўказаньні для іх ад уладаў пра тое, што трэба быць у сацыяльных сетках. Трэба быць у мэсэнджарах, аднак пра Threads яшчэ такой разнарадкі не было. Адначасова гэтая сацсетка ня вельмі спрыяе распаўсюду таго кантэнту, да якога прызвычаіліся прапагандысты. Што там рабіць, напрыклад, Азаронку. Там няма магчымасьці для распаўсюду такога эмацыйнага палітычнага зьмесьціва. Чыноўнікі, мясцовыя дэпутаты, — яны фігуры больш бюракратычныя. З аднаго боку, ім хочацца быць бліжэй да людзей, зь іншага боку — яны гэтага ня ўмеюць», — мяркуе экспэртка.

Пры гэтым з камэнтарамі да прадэмакратычных беларускіх палітычных лідэраў і проста палітычна актыўных людзей часам прыходзяць камэнтатары без жывых аватарак, са зьмененымі імёнамі, пішуць абрáзы і незадаволеныя рэплікі. Звычайна яны падобныя між сабой, а нікі выглядаюць проста наборам літараў.

Ірына Сідорская

«Задача — стварыць інфармацыйны шум вакол допісаў прадэмакратычных актывістаў. Паказаць, што нібыта ёсьць шмат людзей, якія да іх крытычна ставяцца, але аргумэнтаў няма. Гэтыя боты разумеюць, што нікога яны не пераканаюць. Ім трэба паказаць нібыта альтэрнатыўную пазыцыю і дэмаралізаваць аўдыторыю прадэмакратычных актывістаў. Яшчэ адна мэта — засьмечваць. Важна закапáць тое, што гаварылі прадэмакратычныя актывісты. Для гэтага не патрэбная цяжкая артылерыя зь вядомых прапагандыстаў. Дастаткова ананімных ботаў», — заўважае Ірына Сідорская.

Зьвесткі, апублікаваныя ў рэклямных інструмэнтах кампаніі Meta, сьведчаць, што 7,4% дарослага насельніцтва Беларусі ва ўзросьце 18 гадоў і больш на канец 2025 году карысталіся Threads.

У канцы 2025 году 62,9% дарослай рэклямнай аўдыторыі Threads у Беларусі складалі жанчыны, 36,4% — мужчыны.