Паводле сьледзтва, затрыманы жыхар Менску дапамагаў ашуканцам выводзіць грошы, падманам атрыманыя ад ахвяраў. Ён здымаў грошы ў банкаматах і пераводзіў іх на падкантрольныя зламысьнікам рахункі й крыптагаманцы, за што атрымліваў узнагароду.
Затрымалі пасярэдніка пасьля чарговага эпізоду дзейнасьці тэлефонных ашуканцаў, якія ў студзені выманілі ў жыхаркі Хоцімску 15 000 рублёў. Таксама, як паведамляе Сьледчы камітэт, удалося ідэнтыфікаваць залучаных у падманную схему так званых «дропаў» — людзей, якія давалі свае карткі для транзыту і пераводу ў гатоўку выкрадзеных сродкаў.
Якая адказнасьць чакае «дропаў»
Паводле закону памагатыя ашуканцаў, «дропы» (расейскі крымінальны жарганізм ад анг. to drop 'скідваць'. — РС), нясуць крымінальную адказнасьць нароўні з арганізатарамі злачынных схемаў і абавязаны пакрыць нанесеную пацярпелым шкоду ў поўным аб’ёме, нават калі арганізатары не затрыманыя.
Дзейнасьць «дропаў» кваліфікуецца паводле 222 артыкулу Крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае пакараньне аж да 10 гадоў пазбаўленьня волі. Сьледчыя нагадваюць, што крымінальная адказнасьць за падобныя злачынствы надыходзіць з 16 гадоў.
Затрыманы, які займаўся пераводам у гатоўку грошай, незаконна атрыманых ад даверлівых грамадзянаў, выявіўся 37-гадовым жыхаром Менска, афіцыйна нідзе не працаваў. Ягоныя грашовыя рахункі арыштавалі, яму выставілі абвінавачаньне ў махлярстве ў буйным памеры ў складзе групы, за што пагражае да 7 гадоў зьняволеньня.