У Расеі ў Новарасійску гарыць нафтавы тэрмінал. Ва Ўкраіне пасьля расейскіх абстрэлаў параненыя дзеці

Нафтавы тэрмінал «Шэсхарыс» у Новарасійску, архіўнае фота

У ноч на 2 сакавіка расейскія войскі атакавалі Ўкраіну. Ёсьць загінулыя і параненыя.

Пад расейскімі абстрэламі — жылы сэктар і інфраструктура

Улады Запароскай вобласьці паведамілі, што расейскія войскі атакавалі 29 населеных пунктаў рэгіёну з баявой авіяцыі, артылерыі і пры дапамозе дронаў. Раненьні атрымалі чатыры чалавекі, у тым ліку двое дзяцей ва ўзросьце 9 і 15 гадоў. Улады Запарожжа заявілі, што расейцы нанесьлі 808 удараў, у тым ліку 20 — з авіяцыі, а таксама выкарысталі 574 дроны.

У Херсонскай вобласьці — чатыры чалавекі загінулі і пяць атрымалі раненьні. Ад расейскіх абстрэлаў пацярпеў 31 населены пункт — пашкоджана інфраструктура, 5 шматпавярховых дамоў і 6 прыватных будынкаў.

У Днепрапятроўскай вобласьці загінуў адзін чалавек. Расейцы больш за 10 разоў атакавалі тры раёны рэгіёну бесьпілётнікі, а таксама з артылерыі і авіяцыі. Пашкоджана транспартнае прадпрыемства і пяціпавярховы дом.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея некалькі разоў абстраляла Херсон. Загінулі чацьвёра мірных жыхароў

У Новарасійску пад атакай быў нафтавы тэрмінал

Губэрнатар Краснадарскага краю Веньямін Кандрацьеў заявіў аб «вельмі моцным удары па Новарасійску» — там увялі рэжым надзвычайнай сытуацыі. У гэтым горадзе знаходзіцца нафтавы тэрмінал, але ўлады сьцьвярджаюць, што ад украінскіх бесьпілётнікаў нібыта пацярпеў толькі жылы сэктар і параненыя пяць чалавек.

Паводле Міністэрства абароны Расеі, над Краснадарскім краем зьбілі 66 украінскіх бесьпілётнікаў.

У той жа час шэраг украінскіх маніторынгавых каналаў паведамілі, што ў выніку атакі ўначы загарэўся менавіта нафтавы тэрмінал. Пажар пакуль ня могуць патушыць.

Паводле кіраўніка ўкраінскага Цэнтра вывучэньня акупацыі Пятра Андрушчанкі, атака на Новарасійск працягвалася амаль 24 гадзіны, і ў выніку яе пацярпеў нафтаналіўны тэрмінал «Шэсхарыс» — адзін з найбольшых і стратэгічных марскіх комплексаў Расеі па прыёме, захоўваньні і перавалкі нафты і нафтапрадуктаў на танкеры. Папярэдняя атака на гэты тэрмінал адбылася летась у лістападзе.

Пазьней мэр Новарасійска Андрэй Краўчанка паведаміў, што ўначы загарэўся паліўны тэрмінал. Узгараньне лякалізавалі на плошчы 120 квадратных мэтраў. Паводле яго, у тушэньні пажару ўдзельнічаюць 38 чалавек і 10 адзінак тэхнікі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея зноў біла па ўкраінскай энэргетыцы. Украінскія дроны атакавалі хімічны завод у Цьвярской вобласьці