У Іране пацьвердзілі сьмерць Хамэнэі. Стала вядома, хто зараз будзе кіраваць дзяржавай

Алі Хамэнэі, 2025 год

У Іране ўлады абвясьцілі 40-дзённую жалобу.

Іранскія дзяржаўныя СМІ пацьвярджаюць сьмерць Алі Хамэнэі пасьля авіяўдараў ЗША і Ізраілю.

Дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва IRNA пацьвердзіла таксама сьмерць адмірала Алі Шамхані, сакратара Рады абароны, і генэрал-лейтэнанта Мухамада Пакпура, начальніка Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі, забітых у выніку суботняй атакі ЗША і Ізраілю на Тэгеран.

Іранскія дзяржаўныя СМІ раніцай 1 сакавіка пацьвердзілі, што найвышэйшы кіраўнік (Рахбар) аятала Алі Хамэнэі быў забіты падчас авіяўдараў ЗША і Ізраілю, — паведамляе Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.

Мэдыя падкрэсьлівалі, што аўтарытарны Хамэнэі, які большую частку сваіх апошніх дзён правёў па-за полем зроку грамадзкасці і рэдка зьяўляўся на публіцы за дзесяцігодзьдзі сваёй улады, быў забіты ў сваім кабінэце, а ня ў бункеры, як сьцьвярджалася ў некаторых паведамленьнях.

Дзяржаўная тэлевізія, трансьлюючы заяву а 5-й раніцы мясцовага часу, ня згадвала пра авіяўдары ЗША і Ізраілю.

Пасьля абвяшчэньня пра сьмерць аяталы дзяржаўныя СМІ паведамілі, што ў краіне пачнецца 40-дзённая жалоба, а офісы і прадпрыемствы будуць закрытыя сем дзён.

Вядоўца дзяржаўнай тэлевізіі Ірану заявіў, што «з пакутніцкай сьмерцю Найвышэйшага кіраўніка яго шлях і місія ня будуць страчаныя і ня будуць забытыя, [але] будуць працягвацца з большай энэргіяй і запалам». Падчас звароту ён расплакаўся.

Сьвяткаваньні на вуліцах Ірану пасьля заявы Трампа аб сьмерці Хамэнэі

У сацыяльных сетках зьявіліся відэа з Ірану, якія паказваюць людзей, што сьвяткуюць пасьля заявы прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа на ягонай плятформе Truth Social аб тым, што аятала Алі Хамэнэі быў забіты ў выніку авіяўдараў ЗША і Ізраілю.

Дзяржаўныя СМІ Ірану паведамілі, што рада, якая складаецца з прэзыдэнта Масуда Пэзэшкіяна, якога некаторыя лічаць адносна памяркоўным, кіраўніка судовай сыстэмы Гулям-Хусэйна Мухсані-Эджхаі і Мухамада Мухбэра, дарадцы Хамэнэі і былога выканаўцы абавязкаў прэзыдэнта Ірану, часова возьме на сябе абавязкі кіраўніцтва з прычыны сьмерці Хамэнэі.

Іранскія СМІ таксама паведамілі, што дачка, унук, зяць і нявестка Хамэнеі былі забітыя ў выніку нападаў.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп раней заявіў, што найвышэйшы кіраўнік Ірану аятала Алі Хамэнэі нежывы, пасьля шэрагу паведамленьняў пра тое, што 86-гадовы ўладар быў забіты ў выніку авіяўдараў ЗША і Ізраілю.

«Хамэнэі, адзін з самых злавесных людзей у гісторыі, мёртвы», — напісаў Трамп у сацыяльнай сетцы Truth Social 28 лютага:

«Гэта ня толькі справядлівасьць для народу Ірану, але і для ўсіх вялікіх амэрыканцаў, а таксама людзей з многіх краінаў сьвету, якія былі забітыя або зьнявечаныя Хамэнэі і ягонай зграяй крыважэрных бандытаў».

Агенцтва Reuters раней цытавала прэм’ер-міністра Ізраілю Біньяміна Нэтаньягу, які заявіў, што, паводле «прыкметаў», Хамэнэі быў забіты падчас удараў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алі Хамэнэі, найвышэйшы кіраўнік Ірану, загінуў ад ракетнага ўдару па Тэгеране. Раней ён сустракаўся з Лукашэнкам