МЗС Украіны рыхтуе кандыдатуру спэцпрадстаўніка ў справах Беларусі

Уладзімір Зяленскі

Пра гэта паведаміў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.

«Украінскія інтарэсы павінны быць прадстаўленыя на афіцыйным узроўні і ў кантактах з супольнасьцямі з тых краін, якія яшчэ ня маюць свабоды або знаходзяцца пад расейскім уплывам. Будуць зьмены ў дыпляматычным корпусе. Таксама МЗС рыхтуе кандыдатуру для прызначэньня спэцпрадстаўніка ў справах Беларусі і беларускай супольнасьці ў Эўропе. Патрэбная больш актыўная палітыка», — сказаў Зяленскі.

Уладзімір Зяленскі ўпершыню ўзгадаў адносіны з дэмакратычнымі сіламі Беларусі ў звароце да ўкраінцаў, раней ён упамінаў пра прызначэньне спэцпрадстаўніка ў размове з журналістамі.

Перад гэтым Уладзімір Зяленскі сустрэўся з былым міністрам замежных справаў Паўлам Клімкіным і, як паведамляецца, «прапанаваў яму некалькі накірункаў далейшага супрацоўніцтва». Зяленскі паведаміў, што сустрэча была прысьвечаная пытаньням узмацненьня ўкраінскіх пазыцыяў у Эўропе ды іншых рэгіёнах сьвету. Клімкін узначальваў МЗС у 2014-2019 гадах, ён добра абазнаны ў справах Беларусі.

Уведзеныя нядаўна санкцыі супраць Аляксандра Лукашэнкі Ўкраіна разглядае толькі як першы крок і ўжо рыхтуе прававую базу для далейшага ўзмацненьня санацыйнай палітыкі з прычыны падтрымкі вайны супраць Украіны. Пра гэта прэзыдэнт Зяленскі заявіў на гэтым тыдні ў інтэрвію «Люстэрку».

Паводле Зяленскага, санкцыі будуць распаўсюджвацца ня толькі на самога Лукашэнку, але і на яго бліжэйшае атачэньне, у тым ліку на членаў сям’і.

Ён падкрэсьліў, што Украіна ўважліва сочыць за ваеннай дапамогай, якую беларускі рэжым аказвае Расеі. Пры гэтым Кіеў раней не ўздымаў пытаньне пра Лукашэнку ў сваім дыялёгу са Злучанымі Штатамі, улічваючы жаданьне амэрыканскага боку шукаць дыпляматычныя каналы сувязі зь Менскам.

«Мы зараз уключымся ў гэты трэк і будзем гаварыць з амэрыканцамі, што гэтак ня можа быць. Тое, што ён (Лукашэнка) падтрымлівае расейскі рэжым — ня толькі падтрымлівае геапалітыку Расеі, але падтрымлівае вайной і дапамагае забіваць мірных жыхароў», — падкрэсьліў Зяленскі.