Паводле ізраільскага боку, «атака была раптоўнай». Адначасова зь яе пачаткам ЦАХАЛ распаўсюдзіў агульнанацыянальнае папярэджаньне з заклікам да грамадзян заставацца паблізу абароненых памяшканьняў.
«Гэта прэвэнтыўнае паведамленае з мэтай падрыхтаваць насельніцтва да магчымасьці запуску ракет у напрамку Дзяржавы Ізраіль», — гаворыцца ў заяве вайскоўцаў.
Міністар абароны Ізраілю паведаміў, што краіна распачала «прэвэнтыўную ваенную апэрацыю» супраць Ірану. Паводле яго, мэта аперацыі — нэйтралізаваць патэнцыйную пагрозу з боку Тэгерану і прадухіліць магчымыя ўдары па ізраільскай тэрыторыі.
Іранскія дзяржаўныя СМІ пацьвердзілі інфармацыю пра выбухі ў сталіцы. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, атакавана каля 30 цэляў па ўсёй тэрыторыі Ірану, у тым ліку рэзыдэнцыя прэзыдэнта і штаб-кватэра разьведкі.
Акрамя таго, мясцовыя СМІ паведамілі пра выбухі ў горадзе Тэбрыз на паўночным захадзе краіны і некаторых іншых гарадах.
Агенцтва Reuters са спасылкай на ізраільскага прадстаўніка ў сфэры абароны адзначыла, што апэрацыя скаардынаваная з Вашынгтонам. Высокапастаўленыя амэрыканскія чыноўнікі пацьвердзілі Радыё Свабода, што армія ЗША таксама ўдзельнічае ў вайсковых ударах па Іране. Атака адбылася празь некалькі дзён пасьля завяршэньня трэцяга раўнду перамоваў паміж Іранам і Злучанымі Штатамі, накіраваных на вырашэньне працяглага канфлікту вакол ядзернай праграмы Тэгерану. Наступная сустрэча заплянаваная на наступны тыдзень у Вене.
- Перамовы праходзяць на тле значнага нарошчваньня амэрыканскай вайсковай прысутнасьці на Блізкім Усходзе і росту ўнутранай напружанасьці ў Іране. У мінулым месяцы ў краіне адбыліся масавыя агульнанацыянальныя пратэсты, пасьля якіх улады распачалі жорсткія рэпрэсіі. Паводле праваабарончых арганізацый, у выніку загінулі тысячы чалавек.
- У 2015 годзе група вядучых сусьветных дзяржаў заключыла з Тэгеранам пагадненьне, накіраванае на прадухіленьне стварэньня іранскай ядзернай бомбы. Узамен заходнія эканамічныя санкцыі былі часткова аслабленыя. Аднак у 2018 годзе, падчас свайго першага прэзыдэнцкага тэрміну, Дональд Трамп вывеў ЗША з пагадненьня і аднавіў санкцыі. У адказ Іран паступова пачаў адмаўляцца ад выкананьня сваіх абавязацельстваў.
- 25 лютага Дональд Трамп у штогадовым звароце да нацыі папярэдзіў Іран: «Я аддаю перавагу таму, каб вырашыць гэтую праблему дыпляматычным шляхам. Але адно можна сказаць дакладна: я ніколі не дазволю галоўнаму спонсару тэрору ў сьвеце, якім яны, безумоўна, зьяўляюцца, мець ядзерную зброю. Нельга гэтага дапусьціць».