Рада Эўропы ўхваліла плян супрацоўніцтва з дэмакратычнымі сіламі Беларусі на два гады

У верасьні 2025 году ў Камітэце юрыдычных пытаньняў і правоў чалавека Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) прайшлі слуханьні аб палітвязьнях у Беларусі. Архіўнае фота

Аб плянах супрацоўніцтва з дэмакратычнымі сіламі Беларусі на 2026-2027 гады аб’явіла Рада Эўропы, паведамляе Позірк.

Аб пераліку праектаў, якія будуць рэалізаваныя ў межах кантактнай групы Рады Эўропы і беларускіх дэмакратычных сілаў, паведаміла прэс-служба Рады Эўропы.

Пералік «заснаваны на сумесна ўзгодненых прыярытэтах». Падкрэсьліваецца, што рэалізацыя гэтых мерапрыемстваў «узмоцніць супрацоўніцтва, якое працягваецца, і адкажа на новыя патрэбы ў галіне прасоўваньня стандартаў Эўрапейскай канвэнцыі па правах чалавека, адмены сьмяротнага пакараньня, супрацьдзеяньня дыскрымінацыі, гендэрнай роўнасьці і барацьбы з гвалтам у дачыненьні да жанчын, парлямэнцкага супрацоўніцтва, мясцовай дэмакратыі, падтрымкі грамадзянскай супольнасьці, культур». Таксама «працягнецца праграма стажыровак для беларускіх спэцыялістаў у Радзе Эўропы».

25 лютага беларускі дэмакратычны лідэр Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася ў Страсбургу (Францыя) з генэральным сакратаром Рады Эўропы Аленам Бэрсэ, выступіла перад Камітэтам міністраў Рады Эўропы, прыняла ўдзел у брыфінгу для амбасадараў, сустрэлася з генэральным сакратаром Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад і далучылася да падзеі ў Страсбуры, прысьвечанай чацьвёртай гадавіне паўнамасштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, піша Позірк.

Рада Эўропы надала дэмакратычным сілам Беларусі асобны офіс у сваім будынку ў Страсбургу.

Кантактная група па супрацоўніцтве Рады Эўропы з дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасьцю Беларусі была створаная 7 верасьня 2022 года. Група працуе ва ўзаемадзеяньні з шырокім колам беларускіх грамадзкіх ініцыятыў. Яе пасяджэньні праводзяцца два разы на год.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская ў Радзе Эўропы заявіла аб неабходнасьці комплекснага падыходу да легалізацыі беларусаў без пашпартоў

Што такое Рада Эўропы і ПАРЭ

  • Місія Рады Эўропы — адстойваць правы чалавека і падзел галінаў уладаў, спыніць сьмяротнае пакараньне на ўсім кантынэнце.
  • Беларусь у 1993 годзе падала заяўку на далучэньне да Рады Эўропы, і Вярхоўны Савет Беларусі ў 1992 годзе атрымаў статус спэцыяльна запрошанага ў ПАРЭ, які страціў пасьля канстытуцыйнага рэфэрэндуму 1996 году.
  • Беларусь так і не ратыфікавала Канвэнцыю аб абароне правоў чалавека і асноўных свабодаў Рады Эўропы, аднак Беларусь фармальна дагэтуль лічыцца кандыдатам на ўступленьне, а Рада Эўропы робіць шэраг захадаў для наладжваньня супрацоўніцтва зь Беларусьсю.
  • Расея пасьля поўнамаштабнага нападу на Ўкраіну ў 2022 годзе сама выйшла з Рады Эўропы.
  • Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы (ПАРЭ) — адзін з двух галоўных статутных органаў Рады Эўропы, кансультацыйны орган з прадстаўнікоў парлямэнтаў усіх дзяржаваў-сяброў.
  • ПАРЭ — найстарэйшы ў Эўропе орган міжпарлямэнцкай супрацы, заснаваны 5 траўня 1949 году. Асамблея прымае рэзалюцыі і рэкамэндацыі на падставе дакладаў, якія рыхтуюць дэпутаты.
  • Вярхоўны Савет Беларусі ў 1990-х гадах меў статус спэцыяльна запрошанага ў ПАРЭ, але пасьля рэфэрэндуму 1996 году гэты статус быў страчаны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дакладчык ПАРЭ камэнтуе 5 канкрэтных сытуацыяў беларусаў у выгнаньні: дэпартацыя, праблемы зь візай і рахункам, шлюб і нараджэньне дзіцяці
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Быць падрыхтаванымі да зьменаў». Беларускія дэмакратычныя сілы выпрацоўваюць альтэрнатыву «вэртыкалі»