Рашэньне вынес Кызылжарскі раённы суд Паўночна-Казахстанскай вобласьці. Паводле сьледзтва, мужчына ў пачатку лютага 2025 году паехаў на заробкі ў РФ. У Маскве, чакаючы перасадкі на іншы цягнік, ён пазнаёміўся з людзьмі, якія назваліся яму валянтэрамі. Яны займаліся вэрбаваньнем добраахвотнікаў на вайну супраць Украіны.
«Яны паведамілі, што ў выпадку ўдзелу дапамогуць у паскораным атрыманьні грамадзянства Расейскай Фэдэрацыі, атрыманьні зямельнага ўчастка, а ў выпадку гібелі выплацяць сваякам грашовую кампэнсацыю», — цытуе асуджанага Qazaqstan Media.
Яго суправадзілі да Ніжняга Ноўгарада і ўжо ў сярэдзіне лютага Люфт заключыў гадавы кантракт зь Міністэрствам абароны Расеі. Пасьля вайсковай падрыхтоўкі ў Растоўскай вобласьці, яго накіравалі ў так званую «ЛНР», а пасьля гэтага ў горад Бахмут.
Зь лютага па красавік 2025 году Яўген Люфт удзельнічаў у баявых дзеяньнях, а 30 красавіка атрымаў раненьне. З 1 па 5 траўня ён праходзіў лячэньне ў шпіталі і атрымаў водпуск, пасьля чаго пакінуў Расею і вярнуўся ў Казахстан.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 38 тысяч эўра ў пераліку на рукі, расейскі пашпарт за два месяцы. Што абяцаюць беларусам, якія едуць ваяваць за Расею, і як іх вэрбуюцьУ судзе Люфт не прызнаў прад’яўленыя яму абвінавачаньні і заявіў, што зьяўляецца грамадзянінам Расеі. Паводле яго, у сытуацыі вінаватая міграцыйная служба, якая нібыта ня выслала пацьвярджэньне аб адмове ад грамадзянства. Аднак, згодна з тэкстам прысуду, расейскае грамадзянства Люфт атрымаў 27 чэрвеня 2025 году — гэта значыць ужо пасьля ўдзелу ў баявых дзеяньнях.
У 2025 годзе, паводле падлікаў выданьня «Медиазона», у Казахстане распачалі рэкордныя 700 спраў супраць тых, хто завэрбаваўся ў расейскія вайсковыя фармаваньні.
Афіцыйна Казахстан прытрымліваецца нэўтральнай пазыцыі адносна поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. Прэзыдэнт Касым-Жамарт Токаеў заклікае бакі да перамоваў і заяўляе аб гатоўнасьці быць у іх пасярэднікам. Пры гэтым казахстанскія спэцслужбы лічаць, што вэрбаваньне грамадзян на вайну — пагроза нацыянальнай бясьпецы, пісала Deutsche Welle са спасылкай на супрацоўніка адной са спэцслужбаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Мар’інай Горцы вайскоўцаў урачыста звольнілі ў запас. Экс-байцоў гэтай брыгады раней заўважылі на фронце ва Ўкраіне