Паводле яго слоў, гэтае рашэньне «было прынята нялёгка» і ў асноўным зьвязана з доўгатэрміновымі бюджэтнымі цяжкасьцямі.
«Мы ганарымся нязьменнай, збалянсаванай журналістыкай, якую Svobodna Europa і Europa Liberă România ствараюць з моманту свайго вяртаньня ў Баўгарыю і Румынію ў 2019 годзе, і ўдзячныя гэтым камандам за іх адданасьць сваёй аўдыторыі — і Радыё Свабода — на працягу апошніх сямі гадоў», — сказаў Стыў Капус.
Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода аднавіла працу сваёй рэдакцыі ў Румыніі ў студзені 2019 года. Гэтаму папярэднічалі ацэнкі незалежных назіральнікаў, у тым ліку «Рэпартэраў бязь межаў», згодна зь якімі ўзровень свабоды слова ў Румыніі паступова зьніжаецца на працягу некалькіх гадоў.
Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода абвясьціла аб адкрыцьці новага бюро і аднаўленьні Баўгарскай службы ў Сафіі ў чэрвені 2019 года. RFE/RL працавала ў Баўгарыі да і пасьля халоднай вайны і спыніла сваю дзейнасьць у 2004 годзе. Тагачасны віцэ-прэзыдэнт мэдыякарпарацыі Ненад Пэйч успомніў, што яе кіраўніцтва лічыла падзеньне камуністычнага рэжыму знакам перамогі заходніх каштоўнасьцяў.
«Як мы бачым сёньня, у многіх краінах гэта ня так. Патрабуецца шмат часу, каб усталяваць свабоду СМІ», — сказаў Пэйч на цырымоніі адкрыцьця офіса.
У лістападзе 2025 года Вугорская служба Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода спыніла працу — праз пяць гадоў пасьля таго, як яна была адноўлена, каб забясьпечваць незалежныя і дакладныя навіны народу Вугоршчыны.