Віктар Бабарыка жыве на дапамогу сяброў і рыхтуецца атрымліваць каля 560 эўра дапамогі ад Нямеччыны

Віктар Бабарыка, фота LookByMedia

Былы палітвязень і экс-банкір Віктар Бабарыка пасьля вызваленьня жыве ў Нямеччыне ў статусе бежанца і пакуль ня мае ўласных сродкаў для жыцьця. Пра гэта ён расказаў у інтэрвію выданьню Zerkalo.

Паводле слоў Бабарыкі, пасьля прысуду беларускія ўлады канфіскавалі яго маёмасьць, і ён ня змог захаваць фінансавых рэсурсаў за мяжой. Цяпер палітык жыве дзякуючы падтрымцы сям’і, сяброў і знаёмых.

Ён паведаміў, што ўжо зарэгістраваўся ў цэнтры занятасьці і плянуе атрымліваць стандартную дапамогу для бежанцаў. Паводле яго ацэнкі, выплаты могуць складаць каля 560 эўра ў месяц, а таксама прадугледжана кампэнсацыя за арэнду жыльля. Аднак кантракт на арэнду ён яшчэ не атрымаў, адзначыўшы, што ў Бэрліне цяжка знайсьці кватэру. Меркаваная кампэнсацыя за жыльлё можа складаць каля 700 эўра ў месяц.

Бабарыка прызнаў, што яго магчымасьці працаўладкаваньня пакуль абмежаваныя. Ён адзначыў, што шмат гадоў працаваў у фінансавым сэктары Беларусі, але ня ведае асаблівасьцяў нямецкай сыстэмы, а таксама не валодае нямецкай мовай на неабходным узроўні. Акрамя таго, паводле яго слоў, пэўнай перашкодай можа быць і яго публічная вядомасьць.

Разам з тым палітык разглядае магчымасьць удзелу ў стварэньні новых фінансавых праектаў або стартапаў. Ён падкрэсьліў, што разуменьне глябальнай фінансавай сыстэмы можа дазволіць яму быць карысным у новых ініцыятывах.

Бабарыка таксама адзначыў, што чакае важнай падзеі ў асабістым жыцьці: у красавіку ён павінен стаць дзедам другі раз.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму збор Севярынца стаў хітом, а Ціханоўскі не сабраў на зьмену рэжыму, і на што беларусы гатовыя даваць грошы