Сьцісла
- Экспарт Беларусі ва ўсе краіны сьвету застаецца нязьменным з 2021 году, але з прычыны страты эўрапейскага рынку Беларусь вымушаная прадаваць больш фізычных абʼёмаў, каб атрымаць ранейшыя грошы.
- Апошнім часам адносна Беларусі сталі ўжываць тыя ж санкцыі, якія ўжываюцца адносна Расеі, таму ў 2025 годзе істотна зьнізіўся імпарт тавараў з ЭЗ у Беларусь.
- Адмова ЭЗ ад узмацненьня санкцыяў прывядзе для ўзмацненьня рэжыму Лукашэнкі і павялічэньня яго вайсковага патэнцыялу ў гіпатэтычнай будучай вайны з ЭЗ.
Крыніцы: Белстат, Эўрастат (дадзеныя пералічаныя ў даляры па сярэднегадавых курсах EUR/USD)
Што хаваецца за нязьменнасьцю беларускага таварнага экспарту ва ўсе краіны сьвету
— Эўразьвяз вядзе дыскусіі наконт 20-га пакету санкцыяў адносна Расеі і Беларусі. Нядаўна Белстат і Эўрастат апублікавалі вынікі зьнешняга гандлю ў 2025 годзе. Паводле іх экспарт тавараў зь Беларусі ў ЭЗ з 2021 году да 2025 году зьнізіўся ў 14 разоў. Пры гэтым экспарт тавараў ва ўсе краіны сьвету нават крыху павялічыўся. Дык які эфэкт мелі санкцыі ЭЗ на ўзроўні гэтага макрапаказьніку — экспарту тавараў?
Аліса Рыжычэнка
— Калі глядзець на сумы, то здаецца, што экспарт у ЭЗ упаў у 14 разоў, а ва ўсе краіны сьвету ў цэлым — практычна не зьмяніўся, і патокі экспарту пераарыентаваліся. Але па факце зьмены адбыліся вельмі вялікія. Эўрапейскі рынак быў самым марджынальным, самым выгадным для беларускіх тавараў. І ў выніку агульныя лічбы экспарту захаваліся за кошт росту фізычнага абʼёму экспарту. Гэта значыць, калі б Беларусь прадавала такія ж абʼёмы, як цяпер, але з ранейшай доляй ЭЗ у экспарце, яна б зарабляла значна больш.
Вельмі складана ацаніць эканамічны эфэкт санкцый, таму што мяняюцца сусьветныя цэны на тыя тавары, якія экспартуе Беларусь, мяняюцца абʼёмы, мяняюцца рынкі, попыт на сусьветных рынках.
Тыя тавары, якія Беларусь пераарыентавала з эўрапейскага рынку, зараз экспартуюцца праз Расею — ці ў Расею, ці ў Кітай ці Індыю, але ізноў жа праз Расею. А гэта далей і даражэй. Таму маржа на тавары нашмат меншая, чым раней атрымлівала Беларусь з эўрапейскага рынку. І гэта вельмі моцны і значны эфэкт для беларускай эканомікі.
Тое, што зараз прадаецца на азіяцкія рынкі і на расейскі рынак, каштуе нашмат таньней, чым на эўрапейскіх рынках. І туды яшчэ дадаецца павялічаны кошт лягістычных шляхоў. І за большы абʼём экспарту Беларусь зараз атрымлівае тыя ж грошы, якія раней атрымлівала за меншыя абʼёмы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская на Жэнэўскім саміце ў правах чалавека заклікала ўзмацніць санкцыі супраць рэжыму ЛукашэнкіДва накірункі санкцыяў
— Дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская ў час выступу 18 лютага на Жэнэўскім саміце ў правах чалавека і дэмакратыі заклікала ўзмацніць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. Ці можаце вы, як прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту Беларусі ў эканоміцы і фінансах, сказаць — як менавіта прапанаваў бы Кабінэт узмацніць санкцыі, якія мэтавыя паказьнікі ўзмацненьня, каб прымусіць рэжым зьмяніць свае паводзіны?
— Ёсьць два напрамкі санкцый. Першы — гэта санкцыі ў дачыненьні да беларускага экспарту, яны накіраваныя на тое, каб скарачаць даходы рэжыму Лукашэнкі. Другі накірунак — санкцыі на імпарт у Беларусь тавараў падвойнага прызначэньня, тавараў, якія могуць выкарыстоўвацца для вытворчасьці ўзбраеньняў, якія потым Расея ўжывае супраць Украіны. Размова ідзе аб умацаваньні санкцый, якія не даюць беларускаму рэжыму стаць майстэрняй расейскага ВПК.
— Наколькі я памятаю, першыя ж пакеты санкцыяў ЭЗ, уведзеныя адразу пасьля пачатку расейскай агрэсіі, менавіта і абмяжоўвалі імпарт у Беларусь тавараў вайсковага і падвойнага прызначэньня. І ўжо прынята 19 пакетаў санкцыяў ЭЗ, падрыхтаваны 20-ы. І ўсё ніяк ня могуць абмежаваць імпарт Беларусьсю тавараў падвойнага прызначэньня?
— Справа ў тым, што гэта вельмі складаны мэханізм — распрацоўка пакетаў санкцый. У іх мусіць быць правільнае эканамічнае і юрыдычнае абгрунтаваньне. І ўключыць у адзін пакет санкцый усе магчымыя тавары, якія могуць выкарыстоўвацца па падвойным прызначэньні — гэта вельмі складана і доўга. І для ЭЗ прасьцей ужываць санкцыі асобнымі пакетамі. Не заўсёды адразу зразумела, ці можа тавар мець падвойнае прызначэньне.
Напрыклад, праект 20-га пакета прадугледжвае забарону на продаж у Беларусі трактароў з убудаванай сыстэмай самакіраваньня. А гэтая сыстэма можа быць скарыстаная ў вайсковых машынах. Або мэдычныя колбы. Прамое іх прызначэньне — у мэдыцыне. Але яны могуць выкарыстоўвацца і ў хімічнай прамысловасьці для вытворчасьці прадукцыі для расейскага ВПК. Нельга проста ўключыць нейкі тавар у санкцыйны сьпіс, трэба мець доказы таго, што ён сапраўды выкарыстоўваецца па падвойным прызначэньні. Таму ўсё гэта адбываецца так доўга, гэтая праца патрабуе доказнай базы.
Крыніцы: Белстат, Эўрастат (дадзеныя пералічаныя ў даляры па сярэднегадавых курсах EUR/USD)
— Імпарт у Беларусь тавараў з ЭЗ трымаўся прыкладна на адным узроўні з 2021-га па 2024-ы год. А летась — зьнізіўся за год на 40%. Чаму не зьніжаўся тры гады і ўпаў толькі летась?
— У дачыненьні да Беларусі сталі ўжывацца санкцыі, ідэнтычныя тым, якія ўжываюцца ў дачыненьні да Расеі. Трэба ўлічыць, што і ў дачыненьні да РФ санкцыі прымаліся паступова. На нейкім этапе ЭЗ прыйшоў да высновы, што вялізная колькасьць тавараў, забароненыя Эўразьвяз у Расеі, увозяцца праз Беларусь. Пасьля гэтага пачалі ўводзіць і супраць Беларусі санкцыі, якія дзейнічаюць супраць РФ.
Таксама варта мець на ўвазе, што санкцыі дзейнічаюць з лагам. Яны ня маюць дачыненьня да дамоваў паміж кампаніямі Беларусі і ЭЗ, якія дзейнічаюць на момант прыняцьця санкцый. Дамовы дзейнічаюць і выконваюцца яшчэ на працягу прыкладна году. Кампаніі ЭЗ ня маюць права заключаць новыя дамовы на зьдзелкі з забароненай прадукцыяй, але і ЭЗ ня можа імгненна ануляваць ужо заключаныя дамовы.
Ці нельга зьнізіць імпарт у Беларусь з ЭЗ да нуля?
— Згодна са статыстыкай за 4 гады экспарт Беларусі ў ЭЗ зьнізіўся ў 14 раз, а імпарт у Беларусь з ЭЗ — толькі на 40%, ды і тое толькі ў апошні год. А ці нельга было зьнізіць і імпарт у 14 разоў? І няважна — падвойнага прызначэньня ці не падвойнага. Умацоўваць санкцыі — дык умацоўваць.
— А навошта? Узмацненьне санкцый — не самамэта. Мэты — скараціць даходы рэжыму і прадухіліць яго саўдзел у вайне супраць Украіны. А ўвесьці санкцыі, каб спыніць імпарт у Беларусь бытавой хіміі, лекаў, прадуктаў харчаваньня...навошта? Хто ад гэтага пацерпіць? Ад гэтага ж пацерпяць толькі простыя беларусы.
— Ну можа простые беларусы будуць незадаволеныя, паўстануць супраць рэжыму і зрынуць яго.
— Санкцыі ўводзяць не для таго, каб народ у краіне, супраць якой уводзяцца санкцыі, паўстаў. Санкцыі, якія ЭЗ уводзіў у дачыненьні да Беларусі з лютага 2022 года — гэта выключна санкцыі за садзейнічаньне рэжыма агрэсіі Расеі супраць Украіны. І таму няма сэнсу скарачаць імпарт тых тавараў, якія не ідуць у ВПК, не садзейнічаюць нарошчваньню вайсковай прамысловасьці, ваеннай моцы Беларусі і Расеі.
Крыніца: Эўрастат (дадзеныя пералічаныя ў даляры па сярэднегадавых курсах EUR/USD)
Галоўныя гандлёвыя партнэры Беларусі у ЭЗ — самыя гарачыя прыхільнікі санкцыяў
— Самыя жорсткія, пасьлядоўныя прыхільнікі санкцыйнага ціску на Беларусь у Эўразьвязе — краіны Балтыі і Польшча. Але менавіта яны застаюцца лідэрамі ў ЭЗ у гандлі таварамі зь Беларусьсю. Узаемны гандаль Беларусі з гэтымі краінамі істотна зьменшыўся з 2021 году. Але, напрыклад, польскі імпарт у Беларусь за 4 гады зьнізіўся на траціну, літоўскі — на 42%, нямецкі — на 63%. Выступаюць за санкцыі больш рашуча, чым іншыя, але і ганлююць больш. А чаму?
— Мы вяртаемся да папярэдняга вашага пытаньня і майго адказу. Па-першае, Польшча і Літва — гэта краіны, якія мяжуюць з Беларусьсю. І любыя тавары, якія ідуць з Беларусі нават ня ў Польшчу і Літву, а ў іншыя краіны ЭЗ, ідуць праз Польшчу і Літву. Частка экспарту, у якога канчатковы пункт прызначэньня, скажам, Гішпанія, прадаецца ў Польшчы ці Літве і адлюстроўваецца як экспарт у гэтыя краіны. Што да імпарту, то грамадзянскі імпарт, які завозіцца з суседніх краін, ён быў і не спыняецца. І сэнсу спыняць яго няма. Бо ён абсалютна ніяк не ўплывае на ўдзел Беларусі ў агрэсіі супраць Украіны. Скараціўся і экспарт да суседзяў, і імпарт ад іх. Але імпарт заўсёды будзе прысутнічаць у адносінах паміж суседнімі краінамі. Гаворка ідзе пра лекі, пра вэтэрынарныя прэпараты, пра бытавую тэхніку, пра прадукты харчаваньня.
Крыніца: Эўрастат (дадзеныя пералічаныя ў даляры па сярэднегадавых курсах EUR/USD)
— Вы сказалі, што санкцыі ўводзіліся для таго, каб перашкодзіць Лукашэнку дапамагаць Расеі весьці вайну. Аднак большая частка санкцыяў тычыцца беларускага экспарту. Але ён пазбаўляе Лукашэнку толькі аднаго — грошай. А іх ён можа выкарыстоўваць і на дапамогу Расеі ваяваць, і на выплату пэнсіяў беларусам, і, скажам, на пракорм ягонага Умкі. Гэта свабодныя грошы — яны ня толькі на вайну.
— Я спачатку сказала пра два кірункі санкцыяў — скарачэньне фінансаваньня рэжыму Лукашэнкі і скарачэньне імпарту ў Беларусі тавараў падвойнага прызначэньня.
— А вось у межах першага накірунку санкцыяў, Абʼяднаны пераходны кабінэт, які вы прадстаўляеце, раіў бы зьнізіць беларускі экспарт у ЭЗ да нуля? Гэта ж пазбавіла б рэжым Лукашэнкі наагул усіх даходаў ад экспарту ў ЭЗ.
— Калі мы паглядзім на дзяржаўны бюджэт Беларусі, мы ўбачым, што больш за 30% выдаткаў ідзе на нацыянальную абарону і на іншых сілавікоў. За апошні год Беларусь атрымала прыкладна 3 млрд даляраў за экспарт у Кітай і іншыя краіны калійных угнаеньняў. І можна ўпэўнена сказаць, што 30% гэтай сумы ідзе на фінансаваньне сілавікоў і вайсковай прамысловасьці.
Калі спыняецца або скарачаецца экспарт пэўных тавараў, самых маржынальных і высокааплатных, на эўрапейскія рынкі ці на рынкі іншых краін, то рэжыму цяжэй фінансаваць сілавы блёк унутры краіны, які ўчыняе рэпрэсіі ў дачыненьні да мірных беларусаў.
Крыніцы: Нацбанк Беларусі, Эўрастат (дадзеныя пералічаныя ў даляры па сярэднегадавых курсах EUR/USD)
Чаму ўзмацняюцца санкцыі?
— Яшчэ адзін сюжэт — гэта паслугі. Пра іх менш гавораць і менш дадзеных пра іх ёсьць. Нацбанк Беларусі дае зьвесткі за 11 месяцаў 2025 году, а Эўрастат — толькі за 2024 год. Але паводле гэтых дадзеных з 2021 году да 2024 году экспарт паслугаў з Беларусі ў ЭЗ зьнізіўся ў 2,5 разы, а не ў 14. А экспарт паслугаў з Беларусі ва ўсе краіны сьвету, як і экспарт тавараў ва ўсе краіны сьвету, практычна не зьмяніўся. З пункту гледжаньня АПК было б добра, калі б і экспарт паслугаў у ЭЗ зьнізіўся б гэтак жа, як і экспарт тавараў?
— Пытаньні, якія вы задаеце, дастаткова правакацыйныя, калі вы пытаецеся аб пазыцыі АПК. Задача АПК — не ўвядзеньне санкцый, мы не займаемся ўвядзеньнем санкцый, санкцыі ўводзіць Эўразьвяз. Як я патлумачыла, санкцыі ўводзяцца за саўдзел у вайсковай агрэсіі. Яны ўводзяцца таму, што гэта пытаньне бясьпекі Эўрапейскага Зьвязу, на мяжы якога знаходзіцца краіна, якая вырабляе зброю для Расеі. І якая нарошчвае сілавы блёк, які рэпрэсуе насельніцтва. Сярод задач АПК няма скарачэньня экспарту з Беларусі як тавараў, гэтак і паслугаў. Нашая задача — падрыхтавацца да пераходнага пэрыяду і дэмакратызацыі ў Беларусі.
— Але ўсё ж пытаньне пра эфэкт санкцыяў, хай яны і ня мэта АПК. За 4 гады беларускі таварны экспарт ва ўсе краіны сьвету практычна не зьмяніўся, а доля ў ім ЭЗ зьменшылася з 16% да 1%. Калі гэта не зьмяніла паводзіны рэжыму за 4 гады, то ці зьменіць далейшае зьмяншэньне гэтай долі?
— Па-першае, гэта як раз зьмяняе яго паводзіны, калі б не было санкцыяў, Злучаным Штатам не было б што прапанаваць Лукашэнкі, каб ён вызваліў частку палітзьняволенных. Але таксама важна каб спыніліся рэпрэсіі.
Па-другое, тут альтэрнатыва: ці мы гаворым аб узмацненьні санкцый, ці мы нічога не робім і дзейнічаюць толькі тыя санкцыі, якія ўжо ўведзеныя, ці яны нават часткова аслабляюцца. Другі варыянт — што ён дасьць беларусам унутры краіны, што ён дасьць Эўразьвязу, што ён дасьць Украіне?
Умацаваньне рэжыму, які будзе атрымліваць дадатковыя даходы, дзякуючы чаму ён зможа яшчэ больш шчодра фінансаваць сілавы блёк і нацыянальную абарону, мадэрнізаваць сваю вытворчасьць, каб вырабляць высокатэхналягічную зброю, якая ў будучыні можа быць выкарыстана супраць ЭЗ у маштабнай вайне. Гэтая зброя можа быць таксама выкарыстаная ў вайне супраць Украіны.
Вы прапануеце, каб ЭЗ напляваў на лёгіку і дазволіў краіне, якая вырабляе зброю, якая выкарыстоўваецца супраць Украіны, нарошчваць вытворчыя і вайсковыя магутнасьці?
Крыніцы: Нацбанк Беларусі, Эўрастат (дадзеныя пералічаныя ў даляры па сярэднегадавых курсах EUR/USD)
— Я ўжо казаў, што краіны Балтыі і Польшча найбольш рашуча выступаюць за жорсткія санкцыі адносна рэжыму Лукашэнкі, але застаюцца і асноўнымі гандлёвымі партнэрами Беларусі ў ЭЗ. А яны ня могуць прыняць рашэньне — зьвядзем гэты гандаль да нуля?
— А навошта? Скараціць пастаўкі ў Беларусі яблыкаў і лекаў? Які эфэкт будзе ад гэтага?
— Ну калі зьнізіць экспарт Беларусі да нуля, дык зьменшацца даходы Лукашэнкі, у яго будзе менш грошай дапамагаць расейцам і фінансаваць сілавікоў.
— Але тады пацерпіць народ Беларусі. Экспарт і так зьнізіўся да мінімуму. Да любых санкцыяў трэба падыходзіць з розумам і Эўразьвяз так і падыходзіць. Трэба браць пад увагу эфэкт, а не імкнуцца зьвесьці ўзаемны гандаль да нуля.