«Белавія» запускае палёты ў Катар зь Берасьця

У аэрапорце Дохі, ілюстрацыйнае фота

Нацыянальная авіякампанія працягвае дадаваць новыя палёты ў расклады рэгіянальных аэрапортаў.

Авіякампанія «Белавія» распрацавала чартэрную праграму зь Берасьця ў Катар.

Пробныя рэйсы ў сталіцу гэтай краіны Доху стартуюць 10 сакавіка. Пры наяўнасьці высокага попыту палётную праграму могуць павялічыць, адзначылі ў авіякампаніі, камэнтуючы запуск рэйсаў для тэлеканалу АНТ.

Палёты будуць выконваць на самалётах Boeing 737-800 зьмяшчальнасьцю каля 190 чалавек.

Увесну 2026 году «Белавія» будзе лётаць у шасьці кірунках з аэрапорта Берасьця. Гэта рэгулярныя рэйсы ў расейскія Маскву і Санкт-Пецярбург, а таксама чартэры ў Доху (Катар), Анталью (Турэччына), Шарм-эш-Шэйх і Эль-Аламэйн (Эгіпэт).

Летась «Белавія» заявіла пра арганізацыю рэйсаў у Туніс і Ярданію, нетыповыя кірункі для беларускіх турыстаў. Гэтыя рэйсы плянуюць рабіць зь Менску.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зь Менску ў Ізраіль вылецеў самалёт «Белавія», першы пасьля аднаўленьня двухбаковых палётаў


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Белавія» ў траўні запусьціць рэйсы ў Туніс