Праца Рады ААН у правах чалавека «ўсё больш і больш становіцца правальнай, ператвараецца ў фарс». З такой заявай выступіў намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Ігар Сякрэта на сэгмэнце высокага ўзроўню 61-й сэсіі Рады ААН у правах чалавека 24 лютага, паведамляе беларускі МЗС.
«Большасьць дзяржаў выстаўляе да яе ўсё больш прэтэнзій, — сказаў Сякрэта. — Задаволеныя ім толькі тыя, хто спрабуе навязаць празь яе свой рэцэпт „дэмакратыі“, якая насамрэч для іншых сувэрэнных краін абарочваецца хаосам і антыканстытуцыйным беспарадкам. Рэзалюцыі, што прымаюцца ў гэтай залі, на жаль, зусім не пра правы чалавека. Яны служаць зусім іншым мэтам — апраўданьню санкцый, вонкавага ціску, лінчаваньню „нязручных дзяржаў“, падзелу сьвету на „дрэнных“ і „добрых“».
Адносна спэцыяльных дакладчыкаў і незалежных экспэртаў беларускі чыноўнік заявіў, што яны «прысабечылі ролю квазісьледчых і квазісудовых органаў: наўпрост умешваюцца ва ўнутраныя справы сувэрэнных дзяржаў».
Паводле сьцьвярджэньня прадстаўніка Менску, агулам ААН знаходзіцца «не ў найлепшай форме».
«Супярэчлівы і разьяднальны праваабарончы парадак дня стаў галоўнай прычынай такога стану нашай арганізацыі. Зусім не скарачэньне фінансаваньня і ня дзейнасьць асобных дзяржаў, уключаючы Злучаныя Штаты, а менавіта разьяднальны праваабарончы парадак дня. Бо менавіта гэты напрамак як ніякі іншы багаты на дарагія і бескарысныя мандаты. <…> Ва ўмовах глыбокага фінансавага крызісу ў арганізацыі давайце шчыра прызнаем: далейшае марнаваньне бюджэту ААН на мэханізмы, што не прыносяць практычных вынікаў, ня можа быць апраўдана ні палітычна, ні фінансава, ні маральна», — заклікаў Сякрэта.
Згадаўшы рэформу ААН, беларускі чыноўнік заявіў, што «ў пагоні за аптымізацыяй пакутуюць самыя важныя напрамкі — пытаньні разьвіцьця, сацыяльныя праекты, падтрымка ўразьлівых слаёў насельніцтва (дзеці, людзі сталага ўзросту, людзі з інваліднасьцю)».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Клетка пры ўваходзе на фабрыку і вуаерызм. 12 беларускіх жанчын расказалі пра зьдзекі за кратаміСякрэта назваў Беларусь «стабільнай дзяржавай, якая цьвёрда ідзе шляхам устойлівага разьвіцьця»:
«Зыходзім з простага прынцыпу: правы чалавека пачынаюцца з права жыць годна, падкрэсьліваю, годна — з права жыць пад мірным небам, атрымліваць якасную адукацыю, мець годны заробак, атрымліваць высокакваліфікаваную мэдыцынскую дапамогу і сацыяльную падтрымку, самае галоўнае — быць упэўненым у заўтрашнім дні для сябе і сваіх дзяцей».
Пра грамадзянскія свабоды чыноўнік МЗС нічога не сказаў, адзначае «Позірк». Як і пра пралёты расейскіх баявых бесьпілётнікаў над Беларусьсю і катаваньні палітвязьняў у турмах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я вельмі хачу яго пабачыць». Ці магчыма асудзіць супрацоўніка бабруйскай калёніі Шынвізэ, які пераехаў жыць у НямеччынуЗ заклікам працягнуць і ўзмацніць мандаты спэцдакладчыка ААН у пытаньні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі і профільнай Групы незалежных экспэртаў выступілі 17 праваабарончых арганізацый.
Зварот адрасаваны акрэдытаваным у Жэнэве пастаянным прадстаўнікам краін — сябрам і назіральнікам Рады ААН у правах чалавека, 61-я сэсія якой праходзіць 23 лютага — 31 сакавіка. Праваабаронцы падкрэсьлілі, што «падаўжэньне дзеяньня гэтых розных, але ўзаемадапаўняльных мандатаў мае жыцьцёва важнае значэньне для рэагаваньня на неаслабны крызіс у галіне правоў чалавека, які працягваецца ўнутры краіны».
У пацьверджаньне сваёй тэзы яны прывялі шэраг фактаў, якія сьведчаць як аб узмацненьні палітычных рэпрэсій у Беларусі, так і аб перасьледзе беларусаў, якія былі вымушаныя пакінуць краіну.
12 сакавіка чакаецца даклад па Беларусі ў РПЧ ААН у Жэнэве, а 18 сакавіка адбудзецца ўнівэрсальны пэрыядычны агляд правоў чалавека ў Беларусі ў РПЧ ААН.
Мандат спэцыяльнага дакладчыка ў пытаньні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Нілса Муйжніекса дзейнічае да ліпеня 2026 году. Яго даклад будзе прадстаўлены РПЧ на 62-й сэсіі ў чэрвені.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь прагаласавала супраць рэзалюцыі ААН аб устойлівым міры ва Ўкраіне, Ціханоўская назвала гэта ганьбай