Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь прагаласавала супраць рэзалюцыі ААН аб устойлівым міры ва Ўкраіне, Ціханоўская назвала гэта ганьбай

абноўлена
Вынікі галасаваньня ў ААН 24 лютага 2026 году за ўкраінскую рэзалюцыю
Вынікі галасаваньня ў ААН 24 лютага 2026 году за ўкраінскую рэзалюцыю

Генэральная Асамблея ААН ухваліла рэзалюцыю «Падтрымка ўстойлівага міру ва Ўкраіне», якую ініцыяваў украінскі бок у чацьвертую гадавіну поўнамаштабнай вайны, якую пачала Расея.

«Мы ўдзячныя ўсім 107 дзяржавам, якія падтрымалі гэты выразны сыгнал. Мы і далей будзем дзейнічаць — цьвёрда і пасьлядоўна — дзеля дасягненьня ўсеабдымнага, справядлівага і трывалага міру адпаведна Статуту ААН і міжнароднаму праву», — заявіў міністар замежных справаў Украіны Андрэй Сыбіга.

Паводле яго, для Ўкраіны гэта ня проста чарговае галасаваньне, а пацьверджаньне таго, што прынцыпы Статуту ААН і надалей маюць значэньне.

Як паведаміла Ўкраінская служба Радыё Свабода, пры галасаваньні за рэзалюцыю ўстрымалася 51 краіна, у тым ліку ЗША. У ААН адзначылі, што Злучаныя Штаты прапаноўвалі асобнае галасаваньне аб двух палажэньнях дакумэнту, але гэтую прапанову адхілілі 69 галасамі супраць 11.

Супраць прагаласавалі Расея, Беларусь, Буркіна-Фасо, Бурундзі, Куба, Дэмакратычная Рэспубліка Конга, Эрытрэя, Іран, Малі, Нікарагуа, Нігер і Судан.

«Ганьба, што рэжым Лукашэнкі — зноў — прагаласаваў супраць міру ва Ўкраіне на Генэральнай Асамблеі ААН», — такім чынам Сьвятлана Ціханоўская адрэагавала на пазыцыю афіцыйнага Менску пры галасаваньні аб рэзалюцыі да 4-й гадавіны поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны.

«Гэта толькі даказвае, што ні Пуцін, ні Лукашэнка ня хочуць міру. Свабодная Беларусь будзе стаяць на баку міжнароднага права, правоў чалавека і стане надзейным партнэрам для ўсяго сьвету», — напісала яна на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.

Раней Беларусь галасавала супраць шэрагу іншых рэзалюцыяў на тэму Ўкраіны:

  • супраць рэзалюцыі Генэральнай Асамблеі ААН, у якой арганізацыя заклікала да неадкладнага і безумоўнага вяртаньня ўкраінскіх дзяцей, «гвалтоўна перавезеных» у Расею;
  • супраць рэзалюцыі «Ўзмацненьне міжнароднай супрацы і каардынацыі намаганьняў у вывучэньні, зьмякчэньні і мінімізацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы»;
  • супраць абноўленай рэзалюцыі аб сытуацыі з правамі чалавека на акупаваных Расеяй тэрыторыях Украіны, у тым ліку ў Крыме і Севастопалі.

Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі супраць Украіны 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.

Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.

У той жа час грамадзяне Беларусі ваююць на баку як Расеі, гэтак і Ўкраіны. Дакладная іх колькасьць невядомая.

За гэты час ва Ўкраіне, паводле розных ацэнак, загінулі больш за 80 грамадзян Беларусі і этнічных беларусаў з украінскім грамадзянствам, якія змагаліся супраць Расеі (імёнаў шэрагу загінулых не называюць дзеля бясьпекі іхных сваякоў у Беларусі. — РС), а таксама больш за 100 тых, хто ваяваў на баку Расеі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG