Улады Вэнэсуэлы заявілі, што вызвалілі з турмаў яшчэ 179 чалавек пасьля амністыі

Сьцяг Вэнэсуэлы над урадавым будынкам

Пры гэтым у Каракасе падкрэсьліваюць — амністыя не аўтаматычная, вызваленыя павінны прыйсьці ў суд, дзе адбудуцца слуханьні ў іхнай справе.

24 лютага дэпутат парлямэнту заявіў, што ў адпаведнасьці з новым законам аб амністыі за шэраг злачынстваў, якія гістарычна выкарыстоўваліся для зьняволеньня дысыдэнтаў, з турмаў вызвалена 179 чалавек, піша AFP.

Хорхе Арэаса, кіраўнік парлямэнцкай камісіі кантролю за прымяненьнем амністыі, дадаў, што з каля 3000 іншых, якія былі вызвалены ўмоўна-датэрмінова, таксама зьнятыя ўсе абвінавачваньні.

Пастанова, прынятая 19 лютага, выклікала надзею на масавае вызваленьне сотняў вэнэсуэльцаў, якія ўсё яшчэ знаходзяцца за кратамі за супраціў аўтакратычнаму кіраваньню зрынутага прэзыдэнта краіны Нікаляса Мадура.

Амністыя — самая значная рэформа, якую правядзе былая намесьніца Мадура Дэлсі Радрыгес, якая часова заняла пасаду пасьля захопу Мадура амэрыканскімі войскамі 3 студзеня.

Аднак прымяненьне амністыі не зьяўляецца аўтаматычным, падкрэсьліваюць вэнэсуэльскія ўлады. Тыя, хто жадае скарыстацца ёю, павінны зьявіцца ў суд для перагляду сваёй справы і рашэньня аб зьняцьці абвінавачваньняў або скасаваньні прысудаў.

Арэаса заявіў, што суды ўжо атрымалі 4293 заявы аб амністыі.

«Тэмпы (разгляду заявак) надзвычайныя», — адзначыў ён на прэс-канфэрэнцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нерэалізаваныя праекты Беларусі ў Вэнэсуэле. Хто, колькі і за што вінен


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вэнэсуэле ў межах амністыі палітвязьняў на волю выйшлі вядомыя апазыцыянэры, але аднаго зь іх затрымалі ў той жа дзень