Былы пробашч Чырвонага касьцёлу ў відэазвароце заклікаў дапусціць вернікаў да сьвятыні

Уладзіслаў Завальнюк

Сьвятар, які цяпер служыць у Барысаве, заклікаў улады адкрыць доступ да касьцёлу сьвятых Сымона і Алены ў Менску, дзе быў пробашчам.

Адказны за працэс бэатыфікацыі Эдварда Вайніловіча, фундатара Чырвонага касьцёлу ў Менску, былы яго пробачш ксёндз Уладзіслаў Завальнюк выступіў з адкрытым зваротам да дырэктара прадпрыемства «Менская спадчына» і старшыні Менгарвыканкаму, піша Katolik.life.

Свой зварот ён выклаў у новым відэа, у якім паведаміў, што просіць дазволіць вернікам наведаць саркафаг Эдварда Вайніловіча, які знаходзіцца пры касьцёле, каб пакланіцца, ускласьці кветкі і зьнічы.

Сьвятар просіць даць гэты дазвол да 10-й гадавіны абвяшчэньня фундатара касьцёла Слугой Божым. Дата будзе адзначацца 10 красавіка.

У звароце Завальнюк зазначае, што духавенства і вернікі ня маюць магчымасьці памаліцца ў храме і каля саркафагу Вайніловіча. З прычыны рамонту Чырвоны касьцёл застаецца зачыненым і агароджаным, на тэрыторыю храма ўваход забаранілі.

Гісторыя Чырвонага касьцёла:

  • 21 лістапада 1910 году — асьвячэньне касьцёла.
  • 1932 год — савецкія ўлады закрылі касьцёл, перад гэтым разрабавалі.
  • 1941 год — нямецкія акупацыйныя ўлады дазволілі там маліцца.
  • 1945 год — у храме разьмясьцілі кінастудыю «Савецкая Беларусь», зрабілі некалькі прыбудоваў.
  • 1960-я гады — касьцёл маглі ўзарваць, аднак спыніліся на перабудове пад патрэбы Дома кіно.
  • 1986 год — вернікі пачалі захады для вяртаньня касьцёла.
  • 16 траўня 1990 году — будынак вярнулі каталікам.
  • 26 жніўня 2020 году — амапаўцы ўзялі Чырвоны касьцёл у аблогу, зачынілі ўнутры дзясяткі вернікаў на 40 хвілін. Падстава — там нібыта хаваліся пратэстоўцы.
  • Ноч на 26 верасьня 2022 году — пажар у Чырвоным касьцёле. Улады заявілі аб прыпыненьні працы храма і нікога ўсярэдзіну не пусьцілі.
  • 6 кастрычніка 2022 году — стала вядома, што ўлады забіраюць у вернікаў Чырвоны касьцёл.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады назвалі суму аднаўленьня Чырвонага касьцёлу і пералічылі іншыя аб’екты ў Менску, якія чакае рэканструкцыя ці рэстаўрацыя

Што адбываецца з Чырвоным касьцёлам цяпер?

  • Чырвоны касьцёл закрыты на рамонт пасьля пажару, які здарыўся ў ноч на 26 верасьня 2022 году. Пашкоджаная маёмасьць на плошчы каля 20 кв. м, людзі не пацярпелі.
  • Улады закрылі будынак да аднаўленьня пашкоджаных пажарам камунікацый і «атрыманьня вынікаў інструмэнтальных дасьледаваньняў будаўнічых канструкцый».
  • 6 кастрычніка ўлады скасавалі дамову бязвыплатнага карыстаньня будынкам касьцёлу. 14 кастрычніка стала вядома, што ўлады забаранілі парафіі адпраўляць службы і ў плябаніі, а 9 лістапада — у асобных памяшканьнях і дворыку касьцёла.
  • 1 сьнежня курыя Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі прызначыла ксяндза Юрыя Санько адміністратарам парафіі ў пытаньнях рамонту і рэстаўрацыі, ксёндз Уладзіслаў Завальнюк застаўся пробашчам. Грамаду парафіі сьв. Сымона і Алены часова разьмеркавалі ў архікатэдральны касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі.
  • Чырвоны касьцёл мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці Беларусі і афіцыйна належыць дзяржаве. У 2013 годзе яго перадалі ўва ўласнасьць Менску. Парафія сьвятых Сымона і Алены займала будынак касьцёла і плябанію на падставе дамовы аб бязвыплатным карыстаньні, заключанай з прадпрыемствам «Менская спадчына».
  • Некалькі гадоў таму гарадзкія ўлады заявілі, што ў парафіі назьбіралася істотная запазычанасьць у зямельным падатку, падатку на нерухомасьць і амартызацыю. Паводле інфармацыі ініцыятывы «Хрысьціянская візія», пасьля інцыдэнту парафію прымусілі пагасіць запазычанасьць — у якасьці адной з умоваў аднаўленьня эксплюатацыі касьцёла.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы пробашч закрытага ўладамі Чырвонага касьцёла Ўладзіслаў Завальнюк пачаў службу ў Барысаве