Ва Ўкраіне мяркуюць, што Расеі больш выгадна выкарыстоўваць Беларусь для ціску, чым уцягваць яе войска ў вайну

Паўло Паліса. Архіўнае фота

Палкоўнік Паўло Паліса, намесьнік кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны, заявіў, што Расеі стратэгічна больш выгадна выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі як плятформу для ціску і разьмяшчэньня ракет, чым наўпрост уцягваць беларускую армію ў вайну.

«Пуціну выгадней выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі як зручную тэрыторыю — для ціску, для разьмяшчэньня ракет. Але ўжо ідзе актыўнае выкарыстаньне калідораў для праходжаньня „Шахедаў“ з выкарыстаньнем вежаў сувязі для кіраваньня палётамі дронаў. Наўпроставае ўцягваньне беларускай арміі — гэты рызыкі для Лукашэнкі і сумнеўная баявая каштоўнасьць, але як інструмэнт ціску і шантажу — такая пагроза выкарыстоўваецца», — сказаў Паўло Паліса ў інтэрвію агенцтву «Укрінформ».

Паводле яго, Украіна рэгулярна абмяркоўвае з партнэрамі тэму магчымага разгортваньня комплексу «Арэшнік», яны ўспрымаюць гэта як пагрозу эўрапейскай бясьпецы.

«Прадстаўнікі амбасадаў запытваюць пра дэталі разгортваньня „Арэшніку“ ў Беларусі. Партнэры цудоўна разумеюць, што разьмяшчэньне такога комплексу, носьбіта ядзернага зараду, на тэрыторыі Беларусі накіраванае на пагрозу менавіта ім, нашым заходнім партнэрам у Эўропе найперш», — адзначыў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі пра беларускую прапаганду пра «Арэшнік»: «Лукашэнка дарма так гуляецца»

Што вядома пра «Арэшнік» у Беларусі

11 студзеня аб’яднанне BelPol заявіла, што «Арэшнік» у Беларусь не завезены, а заявы Аляксандра Лукашэнкі і яго атачэньня зь ліку сілавікоў аб пастаноўцы расейскага ўзбраеньня на баявое дзяжурства носяць прапагандысцкі характар. Сярод іншага аўтары спасылаюцца на 35-сэкундны відэаролік, апублікаваны 30 сьнежня 2025 году Міністэрствам абароны. Ведамства сьцьвярджала, што на паказаных кадрах — рытуал заступленьня на баявое дзяжурства рухомага грунтавога ракетнага комплексу «Арэшнік», дастаўленага ў Беларусь.

Паводле зьвестак BelPol, гэта пастановачнае відэа. BelPol зьвяртае ўвагу, што ў склад комплексу «Арэшнік» уваходзіць мноства працоўнай, абслуговай і ахоўнай тэхнікі. У выніку, паводле ацэнак экспэртаў, даўжыня перасоўнай калёны комплексу павінна складаць 400–650 мэтраў. Не заўважыць такую колькасьць вайсковай тэхнікі з дапамогай спадарожнікавых здымкаў і іншых сродкаў выведкі немагчыма, лічыць BelPol, — «асабліва пасьля гучнай заявы аб наяўнасьці „Арэшніку“ на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь».

BelPol падкрэсьлівае, што для функцыянаваньня «Арэшніку» ў Беларусі павінна быць створана асобная вайсковая структура — з штабам палку, стацыянарным вузлом сувязі і вышкай сувязі, карпусамі для жыхарства і абслугоўваньня асабовага складу, гаражамі й інш. Нерэальна, на думку расьсьледнікаў, пабудаваць такія аб’екты за адзін год, які прайшоў пасьля першай заявы Лукашэнкі аб жаданьні разьмясьціць у Беларусі «Арэшнік». Акрамя таго, гэта дорага, бо кошт адной мабільнай устаноўкі можа перавышаць 100 млн даляраў, а кошт усяго комплексу складзе арыентацыйна 1–2 млрд даляраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ігар Кізім: Пасьля вайны адносіны з дэмакратычнай Беларусьсю адновяцца хутчэй, чым з Расеяй