«Мы не шукаем канфрантацыі. Беларусь страціла ў Другой сусьветнай вайне кожнага трэцяга жыхара. У генэтычным кодзе кожнага беларуса — катэгарычнае непрыманьне вайны, канфліктаў і гвалту. Пераадоленьне міжнародных супярэчнасьцей і крызісу даверу магчыма толькі шляхам дыпляматыі і дыялёгу», заявіў намесьнік міністра замежных спраў Ігар Сякрэта на сэгмэнце высокага ўзроўню Канфэрэнцыі ААН па раззбраеньні ў Жэнэве.
«Адказ Беларусі сувымерны нарастаючым выклікам і пагрозам нацыянальнай бясьпекі і ўзроўню эскаляцыі сытуацыі ў рэгіёне, мае выключна абарончы характар і ажыцьцяўляюцца ў строгай адпаведнасьці з міжнародным правам, уключаючы Дагавор аб нераспаўсюджаньні ядзернай зброі», — такую заяву аб разьмяшчэньні ў Беларусі расейскага ракетнага комплексу «Арэшнік» зрабіў Ігар Сякрэта.
Паводле яго слоў, якія прыводзіць прэс-служба МЗС, Беларусь ня ўвязваецца ў гонку ўзбраеньняў.
«Аднак у існуючай сытуацыі ў якасьці элемэнта стрымліваньня мы былі вымушаны разьмясьціць у сябе расейскую тактычную ядзерную зброю. У гэтых жа мэтах на тэрыторыі Беларусі быў разьмешчаны расейскі ракетны комплекс «Арэшнік», — сказаў Сякрэта.
Чыноўнік растлумачыў, што падпісаная ў мінулым годзе Беларусьсю і Расеяй Дамова аб гарантыях бясьпекі ў рамках Саюзнай дзяржавы прадугледжвае выкарыстаньне для абароны любых відаў зброі, уключаючы ядзерную.
«Крытыкам нагадаю, — сказаў ён, — што яшчэ ў 2019 годзе Беларусь выступіла з ініцыятывай аб распрацоўцы шматбаковай палітычнай дэклярацыі аб неразьмяшчэньні ракет сярэдняй і меншай далёкасьці пасьля развалу Дагавора аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасьці. На жаль, нашу ініцыятыву не пачулі або не захацелі пачуць і падтрымаць».
У якасьці доказу таго, што Беларусь не шукае канфрантацыі, намесьнік міністра нагадаў, што ў час беларуска-расейскіх вучэньняў «Захад-2025» у верасьні мінулага года «значна зьнізілі іх колькасьць і перанесьлі асноўныя манэўры ўглыб тэрыторыі Беларусі». Для назіраныя за вучэньнямі ў якасьці жэсту добрай волі былі запрошаны ўсе дзяржавы — удзельніцы АБСЭ.
Напрыканцы дыплямат згадаў тэму забароны распрацоўкі і вытворчасьці новых відаў зброі масавага зьнішчэньня і новых сыстэм такой зброі.
Беларуска-расейскія стратэгічныя вучэньні «Захад-2025» праходзілі 12-16 верасьня 2025 года на палігонах абедзьвюх краін, а таксама ў акваторыях Балтыйскага і Баранцава мораў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новы спадарожнікавы здымак, імаверна, зафіксаваў машыны комплексу «Арэшнік» пад КрычавамШто вядома пра «Арэшнік» у Беларусі
11 студзеня аб’яднанне BelPol заявіла, што ў Беларусь не завезены «Арэшнік», а заявы Аляксандра Лукашэнкі і яго атачэньня зь ліку сілавікоў аб пастаноўцы расейскага ўзбраеньня на баявое дзяжурства носяць прапагандысцкі характар. Сярод іншага аўтары зважаюць на 35-сэкундны відэаролік, апублікаваны 30 сьнежня 2025 года Міністэрствам абароны. Ведамства сьцьвярджала, што на паказаных кадрах — рытуал заступленьня на баявое дзяжурства рухомага грунтавога ракетнага комплексу «Арэшнік», дастаўленага ў Беларусь».
Паводле зьвестак BelPol, гэта пастановачнае відэа. BelPol зьвяртае ўвагу, што ў склад комплексу «Арэшнік» уваходзіць мноства працоўнай, абслугоўваючай і ахоўнай тэхнікі. У выніку, паводле ацэнак экспэртаў, даўжыня перасоўнай калёны комплексу павінна складаць 400-650 мэтраў. Не заўважыць такую колькасьць ваеннай тэхнікі з дапамогай спадарожнікавых здымкаў і іншых сродкаў разьведкі немагчыма, лічыць BelPol, — «асабліва пасьля гучнай заявы аб наяўнасьці „Арэшніка“ на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь».
BelPol падкрэсьлівае, што для функцыянаваньня «Арэшніка» ў Беларусі павінна быць створана асобная воінская структура — са штабам палка, стацыянарным вузлом сувязі і вышкай сувязі, карпусамі для пражываньня і абслугоўваньня асабовага складу, гаражамі і інш. Нерэальна, на думку расьсьледнікаў, таксама пабудаваць такія абʼекты за адзін год, які прайшоў пасьля першай заявы Лукашэнкі аб жаданьні разьмясьціць у Беларусі «Арэшнік». Акрамя таго, гэта затратна, бо кошт адной мабільнай устаноўкі можа перавышаць 100 млн даляраў, а кошт усяго комплексу складзе арыенціровачна 1-2 млрд даляраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі пра беларускую прапаганду пра «Арэшнік»: «Лукашэнка дарма так гуляецца» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнік МЗС Беларусі паскардзіўся ў ААН на закрыцьцё памежных пераходаў краінамі Эўразьвязу ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Жэнэве разглядаюць сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. Даклад афіцыйнага Менску супярэчыць інфармацыі ААН