У Ізраілі ўсё часьцей адмаўляюць ва ўезьдзе беларусам. Што варта ведаць

Сьцяг Ізраіля. Ілюстрацыйнае фота

Амбасада Беларусі ў Ізраілі паведаміла аб павелічэньні колькасьці адмоў беларускім грамадзянам ва ўезьдзе на тэрыторыю Ізраіля і рэкамэндавала, якія крокі трэба зрабіць пры плянаваньні паездак.

Як адзначаецца ў паведамленьні, перад паездкай неабходна аформіць дазвол праз сыстэму абавязковага папярэдняга паведамленьня (ETA-IL) Упраўленьня ў справах рэгістрацыі насельніцтва і іміграцыі Ізраіля. Дазвол не зьяўляецца гарантыяй уезду, а пацьвярджае права на прыбыцьцё да пункту пропуску. Канчатковае рашэньне аб допуску на тэрыторыю Ізраіля прымае памежная служба.

Пры запаўненьні анкеты неабходна дакладна адзначаць усе зьвесткі. Любыя разыходжаньні паміж раней нададзенай інфармацыяй і адказамі пры праходжаньні памежнага кантролю могуць стаць прычынай для адмовы ва ўезьдзе.

Працаваць у Ізраілі можна толькі пры наяўнасьці адпаведнай працоўнай візы. Спробы выкарыстоўваць турыстычную паездку для пошуку працы або наступнага працаўладкаваньня «зьяўляюцца адной з асноўных прычын адмоваў ва ўезьдзе», адзначылі ў амбасадзе.

Варта таксама ўлічваць, што ізраільскія органы бясьпекі аналізуюць інфармацыю комплексна, у тым ліку адкрытыя крыніцы. Публічныя зьвесткі аб намеры працаўладкавацца або доўга пражываць у Ізраілі могуць стаць падставай для дадатковых праверачных мерапрыемстваў.

Рэкамэндуюць таксама загадзя падрыхтаваць пацьвярджэньне браніраваньня і аплаты пражываньня, зваротны квіток, мэдычную страхоўку, дастатковыя фінансавыя сродкі на ўвесь тэрмін знаходжаньня, а таксама дакладна назваць мэту паездкі, маршрут і тэрміны знаходжаньня ў краіне. У выпадку прыватнага візыту мэтазгодна мець пісьмовае запрашэньне боку, які прымае, копію пасьведчаньня асобы і кантактныя зьвесткі асобы, якая запрасіла.

Ізраільскія памежныя органы маюць права праводзіць размову для ўдакладненьня мэты візыту, месца пражываньня, крыніц даходу, наяўнасьці сталай працы або вучобы, іншых устойлівых сацыяльных і эканамічных сувязяў зь Беларусьсю. Таму рэкамэндуюць пацьвердзіць наяўнасьць такіх сувязяў (даведка з месца працы, пацьвярджэньне навучаньня, дакумэнты аб уласнасьці, зьвесткі аб сямейным стане і гэтак далей).

Калі грамадзянін раней знаходзіўся ў Ізраілі блізка да максымальна дапушчальнага тэрміну і неўзабаве паўторна плянуе ўезд, гэта можа выклікаць дадатковыя пытаньні наконт рэальнай мэты знаходжаньня.

Асобна адзначылі, што наданьне недакладнай інфармацыі, супярэчлівыя адказы, утойваньне сапраўдных намераў або адмова ад супрацы з памежнай службай, як правіла, прыводзяць да адмовы ва ўезьдзе.

У выпадку паездкі да грамадзяніна Ізраіля альбо да асобы, якая знаходзіцца ў працэсе атрыманьня статусу (грамадзянства, натуралізацыі і гэтак далей), могуць прымяняцца дадатковыя дазвольныя працэдуры.

Для паломніцкіх паездак рэкамэндуюць зьвяртацца ў паломніцкі аддзел Менскай эпархіі або паломніцкі аддзел Рускай духоўнай місіі ў Ізраілі.

У амбасадзе таксама заклікалі не карыстацца паслугамі пасярэднікаў, якія прапануюць гарантаваны ўезд альбо працаўладкаваньне пад выглядам турыстычнай паездкі. Дыпляматы дадалі, што наяўнасьць зваротных квіткоў і пацьверджанага пражываньня само па сабе не зьяўляецца гарантыяй пропуску на тэрыторыю краіны.

Выданьне «Позірк» нагадала, што пагадненьне аб бязьвізавых паездках паміж Беларусьсю і Ізраілем прадугледжвае магчымасьць знаходжаньня грамадзян Беларусі на тэрыторыі гэтай краіны да 90 дзён цягам кожнага пэрыяду 180 дзён без афармленьня візы.

8 студзеня авіякампанія «Белавія» аднавіла палёты ў Ізраіль (Тэль-Авіў).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зь Менску ў Ізраіль вылецеў самалёт «Белавія», першы пасьля аднаўленьня двухбаковых палётаў