Марына Золатава ў фэйсбуку паведаміла, што ў палітзьняволенай Вольгі Чукаравай дачка-падлетак — у інтэрнаце, сын — у арміі, маці — інвалід першай групы, прыкаваная да ложка.
Вольга Чукарава, архіўнае фота
Вользе Чукаравай 50 год, яна працавала бухгальтарам у складанай авіяцыйнай сфэры, яе затрымалі восеньню 2024 году, паводле артыкулаў 361-1 (стварэньне экстрэмісцкага фарміраваньня або ўдзел у ім) і 369 (абраза прадстаўніка ўлады) — яе пакаралі на 4 гады зьняволеньня.
«У СІЗА перанесла інсульт. Страціла зрок. Наогул, цалкам», — паведаміла пра яе Золатава.
«А Вольга старалася не скардзіцца. Нават калі ціск 210 (вы ж памятаеце пра інсульт?). Прасіла толькі, каб навучылі — каб прасьцей было перасоўвацца навобмацак. Навучылася. Пасьля карантыну пару дзён пабыла ў атрадзе. Потым адправілі ў санчастку. Вазілі на абсьледаваньні. Па чутках, дадаўся яшчэ адзін нядобры дыягназ».
Нягледзячы на гэта, жанчына застаецца ў зьняволеньні.
У кастрычніку 2025 года яе ўнесьлі ў пералік так званых экстрэмістаў і «сьпіс тэрарыстаў».
Раней вызваленая і вывезеная зь Беларусі былая галоўная рэдактарка парталу Tut.by Марына Золатава апублікавала ў фэйсбуку допіс, дзе апісвала цяжкія ўмовы для зьняволеных гомельскай жаночай калёніі, зь якімі яны сутыкаюцца зімой у маразы.
З гэтага допісу стала вядома, што зьняволеная Натальля Левая за кратамі чакае дзіця. Пазьней стала вядома, што яе памілавалі і яна выйшла на волю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інсульт за кратамі. Што перажыў Мікола Статкевіч і як такое перажываюць іншыя вязьні беларускіх турмаў