На Беларускай чыгунцы зноў спыніўся пасажырскі цягнік

Пасажырскі цягнік у Віцебску. Архіўнае фота

У Беларускай чыгунцы паведамілі аб спазьненьні больш, чым на адну гадзіну пасажырскага цягніка № 606 Берасьце—Віцебск/Полацак.

Як адзначаецца ў паведамленьні прадпрыемства, цягнік спыніўся на станцыі Копысь Аршанскага раёну Віцебскай вобласьці праз тэхнічныя прычыны — выявіўся няспраўным цеплавоз.

Для арганізацыі дастаўкі пасажыраў накіравалі дапаможны лякаматыў. Цягнік адправіўся а 6:44 і ідзе з затрымкай 1 гадзіна 20 хвілін. У Полацак цягнік мусіў прыйсьці а 9:32.

Раней у «Супольнасьці чыгуначнікаў Беларусі» (СЧБ) паведамлялі аб некалькіх здарэньнях з пасажырскімі цягнікамі, якія былі выкліканыя паломкай дызэль-цягнікоў сэрыяў ДП6 і ДП3 вытворчасьці польскай кампаніі Pesa — іх вымушаныя былі замяніць пасажырскімі вагонамі лякаматыўнай цягі.

Паводле інфармацыі арганізацыі, усе адстаўленыя ад працы дызэль-цягнікі сэрыі ДП маюць фактычна адну і тую ж праблему — няспраўнасьць у сілавой устаноўцы (зьвязка дызэльны рухавік — гідраўлічная перадача). У сувязі з гэтым менавіта няякаснае абслугоўваньне разам з пастаўленымі няякаснымі дэталямі і расходнымі матэрыяламі, падобна, сталі прычынай такой стыхійнай масавай адмовы ў працы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Беларускай чыгунцы адбылося некалькі здарэньняў зь цягнікамі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская чыгунка пусьціла ў Віцебск і Магілёў старыя цягнікі замест новых