На міжрэгіянальных лініях бізнэс-клясы на кірунках Менск — Віцебск і Менск — Магілёў дызэль-цягнікі сэрыяў ДП6 і ДП3 вытворчасьці польскай кампаніі Pesa з «тэхнічных прычынаў» вырашылі замяніць пасажырскімі вагонамі лякаматыўнай цягі, нагадвае «Супольнасьць чыгуначнікаў Беларусі» (СЧБ), якая падрыхтавала сьпіс здарэньняў апошняга часу. Такім чынам замянілі адразу восем цягнікоў.
Таксама БЧ папярэджвала, што ў яе мабільных праграмах можна будзе ўбачыць адхіленьні ад раскладу, якія адбудуцца пасьля замены саставаў.
СЧБ даведалася, што адбываецца на чыгунцы і пра што не паведамляюць афіцыйна. Супольнасьць адзначае, што цягнікі сэрыі ДП ламаліся й раней, аднак упершыню з каляінаў зьнялі столькі складоў. Паводле інфармацыі арганізацыі, усе адстаўленыя ад працы дызэль-цягнікі сэрыі ДП маюць фактычна адну і тую ж праблему — няспраўнасьць у сілавой устаноўцы (зьвязка дызэльны рухавік — гідраўлічная перадача). У сувязі з гэтым менавіта няякаснае абслугоўваньне разам з пастаўленымі няякаснымі дэталямі і расходнымі матэрыяламі, падобна, сталі прычынай такой стыхійнай масавай адмовы ў працы.
Падобна, што пад корабы часова зьнятых з руху польскіх цягнікоў набіваецца сьнег, а іх расчышчэньне зарганізавалі слаба.
31 студзеня цягнік міжрэгіянальных лініяў бізнэс-клясы № 711 Віцебск — Менск (паводле раскладу адпраўленьне з пачатковай станцыі Віцебск а 19:04, прыбыцьцё на канцавую станцыю Менск-Пасажырскі а 22:43) на перагоне «25 кілямэтар» — Багушэўская надоўга спыніўся праз тэхнічную няспраўнасьць складу. СЧБ высьветліла падрабязнасьці.
Маршрут абслугоўваюць дызэль-цягнікі сэрыі ДП6. У гэты дзень машыніст запатрабаваў дапаможнага лякаматыву (цеплавоза) сэрыі ТЭП70. Прычына — няспраўнасьці некалькіх сілавых установак (агулам іх чатыры), у выніку чаго дызэль-цягнік ня мог рухацца самастойна і паводле раскладу.
На перагоне «25 кілямэтар» — Багушэўская цягнік спыніўся, яго агледзелі, выявілі няспраўнасьць счэпнай прылады. Другога спраўнага камплекту не было, дапаможны лякаматыў ужо ня мог дапамагчы. У выніку ў Багушэўску гэты лякаматыў адчапілі, цягнік пайшоў да Менску-Пасажырскага сам. Празь няспраўнасьць спазьненьне склала амаль тры гадзіны.
«Няспраўнасьці аўтасчэпных прыладаў — даволі сур’ёзныя здарэньні, яны ўплываюць на бясьпеку руху цягнікоў. Такое здарэньне з пасажырскім цягніком патэнцыйна нясе пагрозу жыцьцю і здароўю пасажыраў», — адзначылі ў СЧБ.
Акрамя таго, 2 лютага у цягніку рэгіянальных лініяў бізнэс-клясы Менск — Мазыр знайшлі няспраўнасьць пнэўматычнай падвескі вагону. Пасьля ўсіх апэрацыяў цягнік адправіўся зь Менску пазьней на 1 гадзіну 20 хвілін. Пры гэтым лякаматыўная брыгада і дыспэтчары здолелі скараціць спазьненьне цягніка да канцавой станцыі да мінімуму.
Форум