Вугоршчына заблякавала крэдыт Эўразьвязу для Ўкраіны ў памеры 90 мільярдаў эўра

Пэтэр Сіярта

Пазыка раней была ўзгодненая на пасяджэньні Эўрапейскай рады ў Брусэлі 18 сьнежня 2025 году і ўхваленая Эўрапейскай камісіяй 14 студзеня 2026 году. Афіцыйны Будапэшт вінаваціць у праблемах сваёй дзяржавы з нафтай Кіеў, Брусэль і сваю апазыцыю.

Блякаваньне крэдыту пацьвердзіў міністар замежных спраў Вугоршчыны Пэтэр Сіярта.

«Мы блякуем крэдыт ЭЗ Украіне ў памеры 90 мільярдаў эўра, пакуль не будзе адноўлены транзыт нафты ў Вугоршчыну па нафтаводзе „Дружба“. Украіна шантажуе Вугоршчыну, спыняючы транзыт нафты, у каардынацыі з Брусэлем і вугорскай апазыцыяй, каб стварыць перабоі з пастаўкамі ў Вугоршчыну і павысіць цэны на паліва перад выбарамі. Блякуючы транзыт нафты ў Вугоршчыну нафтаводам „Дружба“, Украіна парушае Пагадненьне аб асацыяцыі паміж ЭЗ і Ўкраінай і свае абавязаньні перад Эўрапейскім зьвязам», — напісаў міністар у сетцы X.

Будапэшт адмовіўся падтрымаць адзін з трох дакумэнтаў, ухваленых Эўрапейскім парлямэнтам, патрэбных для разьмеркаваньня сродкаў, — папраўкі да доўгатэрміновага бюджэту ЭЗ на 2021–2027 гады.

Для выдачы крэдыту трэба ўхваліць тры рэглямэнты Эўразьвязу: аб рэалізацыі пашыранай супрацы ў стварэньні крэдыту падтрымкі для Ўкраіны на 2026 і 2027 гады; аб унясеньні паправак да Мэханізму падтрымкі Ўкраіны і аб унясеньні паправак у шматгадовую фінансавую праграму на 2021–2027 гады.

Усе тры заканадаўчыя акты ўхваліў Эўрапейскі парлямэнт, і яны знаходзяцца на заключнай стадыі зацьвярджэньня — у Радзе Эўразьвязу.

Першыя два дакумэнты могуць быць ухваленыя кваліфікаванай большасьцю дзяржаў ЭЗ, але трэці, які прадугледжвае зьмены ў доўгатэрміновым бюджэце Эўразьвязу, патрабуе толькі аднагалоснага зацьвярджэньня. Менавіта гэтыя зьмены Вугоршчына заблякавала.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віктар Орбан зьвінаваціў Украіну ў «палітычным шантажы» наконт паставак нафты

Пры зацьвярджэньні крэдыту Ўкраіне ў сьнежні 2025 году Вугоршчына, Славаччына і Чэхія пагадзіліся дапамагчы толькі пры ўмове, што яны ня будуць несьці адказнасьці за выдаткі па крэдыце.

Напярэдадні парлямэнцкіх выбараў у Вугоршчыне, прызначаных на 12 красавіка, Будапэшт выступіў супраць выдачы крэдыту Ўкраіне. Апытаньні паказваюць, што апазыцыйная партыя «Ціса» на чале з Пэтэрам Мадзьярам апярэджвае партыю «Фідэс» цяперашняга прэм’ер-міністра Віктара Орбана прыкладна на 10%, адзначае Financial Times.

Орбан даўно і пасьлядоўна вядзе антыўкраінскую палітыку. Вугоршчына традыцыйна выступае супраць ініцыятыў дапамогі Ўкраіне. У Кіеве часта абвінавачваюць урад Вугоршчыны ў правядзеньні пракрамлёўскай палітыкі. Вугорскія ўрадавыя дэлегацыі неаднаразова ўжо ў час паўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны наведвалі Маскву і Менск.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вугоршчына і Славаччына папрасілі ў Харватыі дапамогі з транзытам расейскай нафты. У Заграбе адказалі