Блёк Пракоп’ева-Ягорава сыходзіць з Каардынацыйнай рады за тры месяцы да наступных выбараў

Вадзім Пракоп'еў і Андрэй Ягораў, архіўнае фота

Пра рашэньне фракцыя абвясьціла за тры месяцы да наступных выбараў у КР.

Блёк заявіў, што працягне сваю працу, але па-за межамі Каардынацыйнай рады.

«Цяперашняя арганізацыя дэмсілаў не набліжае зьмену рэжыму і дэмакратызацыю Беларусі. Значная частка актараў арыентаваная на захаваньне статусу-кво і імітацыю працэсу. Нашы прынцыпы не падзяляюцца тымі, хто прымае рашэньні», — сказана ў заяве блёку з нагоды сыходу.

У кастрычніку 2025 году пра выхад з КР абвясьціла фракцыя «Воля». Рашэньне прынялі «пасьля ўнутраных абмеркаваньняў і ўзважваньня розных пазыцый у рамках каманды». Некаторыя дэлегаты перайшлі ў разрад пазафракцыйных, піша «Позірк».

Выбары ў КР чацьвертага скліканьня пройдуць 11–17 траўня 2026 году ў онлайн-фармаце. З заклікам балятавацца да палітыкаў і грамдазкіх дзеячаў зьвярнуўся намесьнік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня Павал Латушка.

Трэці склад КР быў абраны 25–27 траўня 2024 году. Тады ўдзел у галасаваньні ўзялі 6723 чалавекі. Па выніках тых выбараў у склад КР увайшлі восем кааліцый, агулам 80 чалавек. Найбольш мандатаў (28) атрымала фракцыя «Каманда Латушкі і рух „За Свабоду“». Пазьней шэраг дэлегатаў пакінуў структуру.

Папярэднія склады арганізацыі, якая ўзьнікла на пачатку маштабнага грамадзка-палітычнага крызісу ў Беларусі ў 2020 годзе, фармаваліся бяз простага галасаваньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўскі як прадстаўнік Беларусі ў ЗША — гэта стартап, — Вадзім Пракоп’еў

Рэакцыя Каардынацыйнай рады

Старшыня Каардынацыйнай рады Арцём Брухан у адказ на заяву Блёку Пракоп’ева-Ягорава назваў франкцыю «скандалістамі». У размове з «Эўрарадыё» Брухан адзначыў, што яшчэ за некалькі месяцаў да заявы блёку, ён размаўляў з Андрэем Ягоравым і адчуў «ціск».

«Былі размовы пра тое, што яны плянуюць сысьці, калі ня будуць выкананыя іх жаданьні і патрабаваньні».

Патрабаваньні і жаданьні выяўляліся ў мэце правесьці слуханьні Сьвятланы Ціханоўскай. Іх правялі, але блёк Пракоп’ева-Ягорава ўсё адно пакінуў КР. Дзеяньні гэтай фракцыі Арцём Брухан лічыць спробай палітычнага прасоўваньня сваёй сілы. Ён адзначае, што ў астатніх пытаньнях блёк найчасьцей быў пасіўным.

«Яны амаль ня ўдзельнічалі ў ніякіх галасаваньнях, толькі ў двух ці трох, ніякіх ініцыятыў не праяўлялі, акрамя слуханьняў Ціханоўскай і расстаноўкі сталоў на гэтых слуханьнях», — заявіў старшыня КР.

19–20 лютага ў Вене праходзіць Зімовая сэсія Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Упершыню ў працы асамблеі бярэ ўдзел аб’яднаная дэлегацыя беларускіх дэмакратычных сілаў, у тым ліку сябры КР.

У склад дэлегацыі ўвайшлі старшыня Каардынацыйнай Рады Арцём Брухан, старшыня міжнароднай камісіі КР Аляксандра Мамаева, а таксама сябар КР Юры Губарэвіч. У працы таксама ўдзельнічаюць Анатоль Лябедзька (дарадца ў парлямэнцкай супрацы Сьвятланы Ціханоўскай), Леанід Марозаў (дарадца Ціханоўскай у прававых пытаньнях) і Ігар Барысаў (БСДП «Грамада»). Ёсьць у Вене і дэлегацыя ад уладаў Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На зімовай сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ прысутнічаюць афіцыйная і апазыцыйная беларускія дэлегацыі