На зімовай сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ прысутнічаюць афіцыйная і апазыцыйная беларускія дэлегацыі

Выступ Сьвятланы Ціханоўскай на супольным пасяджэньні трох камітэтаў ПА АБСЭ. Вена, 20 лютага 2026 году

19–20 лютага ў Вене праходзіць зімовая сэсія Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ.

20 лютага Сьвятлана Ціханоўская выступіла з прамовай на супольным пленарным паседжаньні трох асноўных камітэтаў АБСЭ ў Вене.

Ціханоўская: «Беларусь — не Расея. Мы на баку Ўкраіны»

У сваёй прамове Ціханоўская, як піша яе прэс-служба, акцэнтавала ўвагу на падтрыманьні Ўкраіны і неабходнасьці спыніць расейскую агрэсію. Таксама яна заклікала Парлямэнцкую асамблею АБСЭ і краіны-ўдзельніцы не зьніжаць увагу да Беларусі: трымаць ціск на рэжым і рыхтавацца да моманту, калі ў Беларусі адкрыецца акно магчымасьцяў для пераменаў:

«Сёньня Ўкраіна змагаецца за ўсіх нас — за Беларусь, Украіну, Малдову, усю Эўропу. Украіна змагаецца за мір, дэмакратыю і правы чалавека — тыя каштоўнасьці, якімі так даражыць АБСЭ.

Важна даць Украіне ўсё неабходнае для перамогі і спыніць расейскую агрэсію. Калі мы хочам сапраўднага міру ў Эўропе — то мы павінны аслабіць Пуціна і яго паплечніка Лукашэнку. Вынік гэтай вайны паўплывае і на будучыню Беларусі. Гэта можа адкрыць для нас акно магчымасьцяў. І ёсьць два сцэнары: або Беларусь застанецца ў расейскай арбіце, зь ядзернай зброяй, войскамі, „Арэшнікамі“ — а гэта азначае пастаянную пагрозу для нашых суседзяў, або яна нарэшце вызваліцца, адновіць сваю незалежнасьць, свабоду і вяршэнства права — і выканае свае абавязаньні перад АБСЭ.

Мы не павінны дазваляць, каб Беларусь стала суцяшальным прызам для Пуціна. Беларусь — не Расея. Мы на баку Ўкраіны. Мы — годная эўрапейская нацыя з уласнай культурай і ідэнтычнасьцю».

Рачкоў: Крызіс бясьпекі ў рэгіёне АБСЭ мае сыстэмны характар

Адначасова ў Вене працуе і дэлегацыя афіцыйнай беларускай Палаты прадстаўнікоў.

«Ва ўмовах фармаваньня шматпалярнага сьвету насьпела неабходнасьць выпрацоўкі новай архітэктуры эўразійскай бясьпекі, заснаванай на павазе інтарэсаў усіх дзяржаваў кантынэнту.

Аляксандр Лукашэнка прапануе: давайце весьці дыялёг, ня трэба канфліктаваць», — сказаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Рачкоў, выступаючы на паседжаньні Камітэту палітычных пытаньняў ПА АБСЭ.

«Беларусь зыходзіць з таго, што цяперашні крызіс бясьпекі ў рэгіёне АБСЭ мае сыстэмны характар. Яго прычыны — у пасьлядоўным адыходзе ад прынцыпу роўнай і непадзельнай бясьпекі, у ігнараваньні законных інтарэсаў кожнай дзяржавы», — сказаў Сяргей Рачкоў.

Ён таксама заявіў, што апошнім часам «АБСЭ не зрабіла і ня робіць нічога для бясьпечнай і бесканфліктнай сытуацыі ў Эўропе».

Лябедзька: ствараем групу «За дэмакратычную Беларусь» у ПА АБСЭ

Як заявіў дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Анатоль Лябедзька, у ПА АБСЭ вядзецца праца, каб дэлегацыя беларускіх дэмакратычных сілаў прымала пастаянны ўдзел у працы Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ.

Лябедзька паведаміў, што ў Вене адбылася падзея, «зьвязаная з пэрспэктывай стварэньня групы «За дэмакратычную Беларусь» у Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ і стварэньня дэлегацыі дэмакратычных сілаў Беларусі, якая можа быць далучаная да больш сыстэмнай працы ў Асамблеі».

«Гэтая ініцыятыва зьявілася яшчэ восем месяцаў назад падчас камунікацыі з кіраўніком дэлегацыі Швэцыі ў ПА АБСЭ Б’ёрнам Сёдэрам. У выніку дамоўленасьці паставілі задачу — зрабіць усё, каб у Парлямэнцкай асамблеі была адмысловая група „За дэмакратычную Беларусь“, а па-другое, каб беларуская дэлегацыя магла ўдзельнічаць у мерапрыемствах Асамблеі. Сёньня мы першы раз сустрэліся, прысутнічала багата парлямэнцкіх дэлегацыяў, і ў выніку мы запусьцілі гэты працэс дзякуючы ў першую чаргу дэлегацыям Швэцыі, Нарвэгіі й Літвы. Будзем рухацца наперад», — перадаў зь Вены Анатоль Лябедзька.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алесь Бяляцкі ўзяў удзел у сустрэчах у парлямэнце Нарвэгіі