Завочна судзяць былога кіраўніка цэнтру рыхтаваньня ў фрыстайле
20 лютага ў Менску пачынаецца завочны працэс супраць былога дырэктара РЦАП (Рэспубліканскі цэнтар алімпійскай падрыхтоўкі) у фрыстайле Вадзіма Крывашэева, паведамляюць праваабаронцы з ініцыятывы dissidentby.
У верасьні 2020 году Крывашэева звольнілі з пасады дырэктара за «дрэнную ідэалягічную працу ў калектыве». Як цяпер вядома, за тое, што фрыстайлісты Аляксандра Раманоўская і Дзьмітры Дашчынскі, а таксама трэнэр зборнай Мікалай Казека выказвалі незадаволенасьць гвалтам сілавікоў над удзельнікамі пратэстаў 2020 году.
Пасьля тых падзеяў Вадзім Крывашэеў зьехаў зь Беларусі і з 2021 году жыве ў ЗША. Крывашэеў быў прадстаўніком у пытаньнях спорту ў Народным антыкрызісным упраўленьні (НАУ).
Вадзіму Крывашэеву інкрымінуюць 4 артыкулы Крымінальнага кодэксу, у тым ліку ч. 1 артыкулу 357 аб «змове з мэтай захопу ўлады», за што прадугледжана кара пазбаўленьнем волі ад васьмі да дванаццаці гадоў.
Пра завядзеньне супраць Крывашэева крымінальнай справы ў парадку спэцыяльнага вядзеньня, што значыць завочна, Сьледчы камітэт паведамляў летась у кастрычніку.
Справу былога спартовага чыноўніка будзе разглядаць Менскі гарадзкі суд.
Зімовая алімпіяда 2026 году ў Італіі, якая мае закончыцца 22 лютага, — адзіная з 1998 году, на якой беларускія фрыстайлісты не атрымалі ніводнай узнагароды.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 19 лютага: тры гады калёніі супрацоўніцы ІТ-сэктару за дапамогу палітвязьням