«Мы вітаем вызваленьне Мікалая Статкевіча і радыя, што ён змог вярнуцца дадому ў Менск. Зычым яму хуткай і пасьпяховай папраўкі пасля інсульту. Мы працягваем патрабаваць вызваленьня ўсіх палітзьняволеных у Беларусі» — заявіла амбасада Нямеччыны ў Менску.
Прадстаўніцтва Эўрапейскага Зьвязу ў Беларусі «зь вялікай палёгкай даведалася аб вызваленьні палітычнага зьняволенага Мікалая Статкевіча».
«Мы разумеем, што ў зьняволеньні спадар Статкевіч нядаўна апынуўся ў стане здароўя, які пагражаў жыцьцю, і зычым яму поўнага і хуткага выздараўленьня», — адзначыла дыпляматычнае прадстаўніцтва на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
«Мы таксама прымаем да ведама вызваленьне палітычнай зьняволенай Натальлі Левай, якая чакае нараджэньня дзіцяці ў сакавіку. Мы заклікаем да неадкладнага і безумоўнага вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных», — дадалі эўрапейскія дыпляматы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На волю выйшла цяжарная Натальля Левая, асуджаная за данатыВызвалены палітвязень Мікола Статкевіч цяпер дома ў Менску, ён перанёс інсульт і мае праблемы з маўленьнем.
Інсульт у Статкевіча быў 21 студзеня, а 19 лютага яго вызвалілі з турмы і адправілі дадому.
11 верасьня 2025 году ў выніку дамоўленасьцяў прадстаўнікоў прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа з Аляксандрам Лукашэнкам з турмаў і калёніяў былі вызваленыя 52 палітвязьні з умовай, што яны пакінуць Беларусь.
Адзіным чалавекам, які адмовіўся ад такога выправаджэньня, стаў 69-гадовы Мікола Статкевіч.
Спробы дыпляматаў і паплечнікаў адгаварыць Статкевіча ад вяртаньня ў Беларусь нічым ня скончыліся. Больш за два з паловай гады да таго дня ён быў увязьнены ў Глыбоцкай калёніі, у рэжыме інкамунікада — у поўнай ізаляцыі ад вонкавага сьвету.
Пасьля людзі ў масках павялі Статкевіча ад мяжы ў невядомым кірунку. Толькі праз тры месяцы жонка атрымала ліст ад Міністэрства ўнутраных справаў аб тым, што Статкевіч «адбывае пакараньне згодна з выракам ад 14.12.2021».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сталі вядомыя новыя дэталі хваробы Статкевіча за кратамі і ягонага вызваленьня ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мікола Статкевіч перанес інсульт у зьняволеньні і цяпер аднаўляецца дома