Як адзначае «Позірк», прадстаўнік Мінабароны таксама назваў у ліку прыярытэтаў падтрыманьне стратэгічнага ўзроўню супрацы з Расеяй; «шматбаковую вайсковую супрацу» ў рамках Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бясьпецы, Садружнасьці Незалежных Дзяржаў, Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, а таксама двухбаковае ўзаемадзеяньне з краінамі — удзельніцамі гэтых аб’яднаньняў; разьвіцьцё стратэгічнага партнэрства з Кітаем; вайсковую супрацу з краінамі Блізкага Усходу, Паўночнай Афрыкі (і Афрыкі ў цэлым), Паўднёвай і Паўднёваўсходняй Азіі, Лацінскай Амэрыкі.
Паводле Равенкі, эўрапейскі рэгіён «ператварыўся ў адзін з асноўных тэатраў стратэгічнага суперніцтва». Эўропа, на ягоную думку, «страціла статус тэрыторыі зь нізкай імавернасьцю буйнамаштабнай вайны», хоць «на яго фармаваньне і падтрыманьне сышлі дзесяцігодзьдзі».
«Трансфармацыю з абарончага саюзу ў інструмэнт ціску і запалохваньня працягвае ажыцьцяўляць NATO, — заявіў Равенка. — Пры гэтым і Эўразьвяз усё больш актыўна выступае за ўмацаваньне свайго статусу як ваенна-палітычнага фактару. Растуць вайсковыя бюджэты і выпуск прадукцыі вайсковага прызначэньня. Фармуюцца стратэгічныя запасы».
«У нашым рэгіёне зноў узрастае роля ядзернага стрымліваньня, а таксама высокадакладнай няядзернай зброі сярэдняй далёкасьці. <...> Усё гэта азначае пераход ад мірнага суіснаваньня да канцэпцыі працяглага супрацьстаяньня», — дадаў ён.
Беларусь, паводле Равенкі, зацікаўленая «ў нармалізацыі сытуацыі ў сфэры глябальнай і рэгіянальнай бясьпекі, у аднаўленьні парадку, адзінага для ўсіх», а таксама ў «стварэньні эфэктыўных сыстэм глябальнай і рэгіянальнай бясьпекі, якія дазвалялі б прадухіляць само ўзьнікненьне міждзяржаўных супярэчнасьцяў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусаў масава і тэрмінова выклікаюць на вайсковыя зборы, людзі абураюццаПаводле прадстаўніка Мінабароны, за мінулы навучальны год набыта і пастаўлена ў войскі больш за 75 тыс. адзінак розных узбраеньняў, вайсковай і спэцыяльнай тэхнікі, вайскова-тэхнічнай маёмасьці шырокага спэктру прызначэньня.
Равенка нагадаў, што ў 2026 годзе на тэрыторыі Беларусі плянуецца правесьці шэраг штогадовых вучэньняў: камандна-штабныя вучэньні «Непарушнае брацтва — 2026» з міратворчымі сіламі АДКБ, спэцыяльныя вучэньні АДКБ «Бар’ер — 2026» з сумесным фармаваньнем радыяцыйнай, хімічнай, біялягічнай абароны і мэдычнага забесьпячэньня.
Акрамя таго, прадугледжаны ўдзел беларускіх вайскоўцаў у вучэньнях на тэрыторыі Расеі, у прыватнасьці, у камандна-штабных вучэньнях «Узаемадзеяньне — 2026» з Калектыўнымі сіламі апэратыўнага рэагаваньня АДКБ; спэцыяльных вучэньнях «Пошук — 2026» зь сіламі і сродкамі выведкі; спэцвучэньнях «Эшалон-2026» з сіламі і сродкамі матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня АДКБ.