Выданьне «Люстэрка» паведамляе, што цяпер у вайсковыя часткі адпраўляюць вайсковабавязаных. Колькі чалавек і на які тэрмін, невядома — Міністэрства абароны публічна пра гэта не паведамляе. Тое, як людзей выклікаюць на зборы, выклікае абурэньне, якім беларусы дзеляцца ў сацыяльных сетках.
Чаму тэрмінова?
Беларусы абураюцца, што позвы ў ваенкамат прыносяць за лічаныя гадзіны да ўпісанага ў іх часу. Так, у TikTok завірусілася гісторыя аб тым, як мужчыну а 8.00 прынесьлі позву з патрабаваньнем зьявіцца ў вайсковы камісарыят а 9.00 таго ж дня.
Вечарам часта прыносяць позвы з загадам зьявіцца раніцай наступнага дня.
Між тым многія адзначаюць, што, згодна з пастановай ураду, позва на зборы павінна быць уручаная не пазьней як за сем дзён да іх пачатку. Раней гэты тэрмін складаў дзесяць дзён, паведамляе «Люстэрка».
Чэргі ў ваенкаматах
Другое масавае абурэньне — за працяглае чаканьне ў самых камісарыятах. Там чэргі, і людзям выдаюць позвы на зьяўленьне ў іншы час. Так, напрыклад, адзін з вайсковаабавязаных пісаў у Threads, што 17 лютага правёў у пункце збору больш за 10 гадзін:
- «Ніхто нічога ня кажа, нас тут чалавек 200».
Некаторыя чакалі па 18 гадзін, а потым атрымалі загад прыйсьці празь дзень. Хтосьці вызваліўся толькі а чацьвёртай раніцы:
- «Другія содні сяджу. Адпусьцілі а чацьвертай ночы адразу з позвай на 10.00».
- «Столькі гадзін у чаканьні, і яны там бязь ежы, вады, калі не ўзялі з сабой».
- «Увесь дзень пратрымалі ў ліцэі галоднымі і толькі ў тры гадзіны ночы адпусьцілі паесьці на пару гадзін. Цяпер зноў сядзяць, чакаюць... Гэта хіба нармальна? З сваімі дзецьмі так бы не зрабілі!»
На сямейныя абставіны не зважаюць
Як відаць з камэнтароў у Threads, мужчын на зборы адпраўляюць на месяц-два. Пры гэтым ня робяць выняткаў для тых, у каго ў сям’і малыя ці нездаровыя дзеці.
- «У нас немаўля. На ўсе дыягназы — мае, дзіцяці і мужа — сказалі „нам пох*й“ і павезьлі. Дзе ён зараз, што зь ім, я ня ведаю, сувязі няма, забралі тэлефоны».
- «Мужа забралі. Я была ўпэўненая, што зь дзеткамі да трох гадоў не забіраюць, але, на жаль, малой 10 месяцаў — і забралі».
Пасьпешлівасьць, брак выразнай інфармацыі аб тэрмінах і масавасьці прызыву, а таксама колькі гэта ўсё будзе працягвацца, многіх прымушаюць хвалявацца. Асабліва падчас раптоўнай праверкі боегатоўнасьці, якую наладзіў Аляксандр Лукашэнка. І хоць у камэнтарах можна прачытаць думкі, што гэта стандартныя зборы, як і заўсёды, ня ўсіх гэта супакойвае.
Што кажуць у ваенкаматах
Назваўшыся жонкай прызванага на зборы, журналістка «Люстэрка» патэлефанавала ў некалькі камісарыятаў. Найперш пацікавілася, з чым зьвязаная такая тэрміновасьць.
«Навошта так сьпяшацца? Гэта вы задайце пытаньне міністру абароны, вайсковаму камісару», — адказалі ў камісарыяце.
А як жа пастанова Савету міністраў, у якой ідзецца пра папярэджаньне за сем дзён? «У ваенкамаце Гомельскага раёну выказалі здагадку, што згаданы закон датычыцца плянавых збораў, а не праверкі мабілізацыйнай гатоўнасьці, а значыць, гэты тэрмін можа не выконвацца», — піша «Люстэрка».
Форум