У Вялікай Брытаніі арыштавалі брата караля, замяшанага ў «справе Эпштэйна»

Прынц Эндру, архіўнае фота

Эндру Маўнтбэтэн-Віндзара, брата брытанскага манарха Карла III, арыштавалі паводле падазрэньняў у злоўжываньнях у той час, калі ён займаў афіцыйныя пасады.

Як паведаміла BBC, раніцай 19 лютага зьявіліся фота аўтамабіляў, якія прыбылі ў каралеўскі маёнтак Сандрынгэм у графстве Норфалк на беразе Паўночнага мора, дзе цяпер жыве Маўнтбэтэн-Віндзар.

На гэтым тыдні брытанская паліцыя заявіла, што разглядае скаргу, у якой гаварылася, што былы прынц перадаваў Эпштэйну канфідэнцыйныя матэрыялы.

Фота былога прынца Эндру зь невядомай жанчынай, апублікаванае Дэпартамэнтам юстыцыі ЗША 30 студзеня 2026

Зь вялікага масіву дакумэнтаў у справе Эпштэйна, апублікаваных у ЗША, вынікала, што Эндру перадаваў Эпштэйну справаздачы аб сваіх паездках у Сынгапур, Ганконг і Віетнам, а таксама канфідэнцыйныя дэталі аб магчымасьцях інвэстыцыяў.

Пасьля гэтага антыманархічная арганізацыя Republic зьвярнулася ў паліцыю Даліны Тэмзы (графствы Бакінгэмшыр, Бэркшыр і Оксфардшыр) з просьбай расьсьледаваць падазрэньні ў службовым злоўжываньні і парушэньні дзяржаўнай таямніцы.

Эндру, якому споўнілася 66 гадоў, ня раз адкідаў усе выстаўленыя супраць яго абвінавачаньні і настойвае, што не рабіў нічога супрацьзаконнага.

Летась у кастрычніку кароль пазбавіў брата тытула прынца і ўсіх іншых тытулаў, якія заставаліся ў яго, а незадоўга да таго Эндру фармальна добраахвотна адмовіўся ад тытула герцага Ёрскага.

Цяпер кароль Карл ІІІ зрабіў заяву, у якой гаворыцца, што ён разьлічвае на поўнае і справядлівае расьсьледаваньне і што павінен спрацаваць закон.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнты, прынцы, дыпляматы. Хто яшчэ згадваецца ў апошняй партыі файлаў са справы Эпштэйна