«Першая — гэта паказаць нашым амэрыканскім партнэрам, што мы ня згодныя з тым, што яны спрабуюць нейкім чынам легітымізаваць Лукашэнку і, адпаведна, ідуць на зьняцьце адпаведных санкцыяў і гэтак далей, і спрабуюць яго вярнуць у нармальныя размовы», — сказаў Свабодзе Вадзім Трухан.
Зь іншага боку, паводле яго, прэзыдэнт Ўкраіны Ўладзімір Зяленскі такім чынам спрабуе перадухіліць рэалізацыю ініцыятывы Ўладзіміра Пуціна аб правядзеньні мірных перамоваў у Менску.
«З падачы Пуціна Лукашэнка ня раз спрабаваў выказваць пэўныя ініцыятывы аб сваёй гатоўнасьці прымаць мірныя перамовы ў Менску і настойваў, што яму гэта ўдавалася ў 2014 годзе і ўсё было пасьпяхова. Для Ўкраіны гэта абсалютна непрымальна. Зяленскі неаднаразова публічна гаварыў, што перамовы з Пуціным могуць праходзіць дзе заўгодна, апроч Расеі і Беларусі. І каб паставіць усе кропкі над „і“, а таксама на апярэджаньне, не дазволіць амэрыканцам уцягнуць нас у сваю гульню, і, другое, не дазволіць рэанімаваць гэты трэк, Зяленскі ўвёў гэтыя санкцыі», — адзначыў украінскі дыплямат.
«Санкцыі носяць выключна палітычны характар і маюць вось гэтыя дзьве палітычныя мэты. Ніякага там практычнага складніку абсалютна няма, бо ўсё (што прадугледжваюць санкцыі. — РС) было даўно заблякавана», — рэзюмаваў Вадзім Трухан.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіеў узмацняе ціск: санкцыі супраць Лукашэнкі як новы сыгналПрэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі 18 лютага падпісаў указ аб увядзеньні пэрсанальных санкцыяў супраць Аляксандра Лукашэнкі.
Зяленскі патлумачыў абмежаваньні саўдзелам Лукашэнкі ў вайне Расеі супраць Украіны, у тым ліку разгортваньнем у другой палове 2025 году сыстэмы рэтрансьлятараў для кіраваньня ўдарнымі дронамі, што павялічыла магчымасьці расейскай арміі наносіць удары па Ўкраіне. Сярод іншых падставаў — разбудова інфраструктуры для разьмяшчэньня ў Беларусі ракет сярэдняй далёкасьці «Арэшнік», пастаўка дэталяў для расейскай зброі, а таксама датычнасьць да гвалтоўнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Расею.
Супраць Лукашэнкі ўвялі 17 абмежаваньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна ўвяла пэрсанальныя санкцыі супраць Лукашэнкі. Зяленскі расказаў, зь якіх прычын. Ціханоўская падтрымала