Беларусы ўпершыню з 1998 году засталіся без алімпійскіх мэдалёў у фрыстайле

Ганна Гуськова, архіўнае фота

У Міляне і Картыне д’Ампэцца працягваюцца зімовыя Алімпійскія гульні. 18 лютага прайшлі спаборніцтвы ў лыжнай акрабатыцы, якія перанесьлі на дзень з прычыны сьнегападу.

Беларуская фрыстайлістка Ганна Гуськова стала фіналісткай XXV зімовых Алімпійскіх гульняў у Італіі, але ня трапіла ў супэрфінал.

У першай кваліфікацыі ў лыжнай акрабатыцы сярод жанчын выступілі 25 спартсмэнак, наўпрост у фінал прабілася шасьцёрка найлепшых. Ганна Гуськова набрала за свой скачок 88,29 пункта і размясьцілася на сёмым радку, адстаўшы ад прахадной пазыцыі роўна на адзін бал. Анастасія Андрыянава была 15-й (74,02 пункта), Ганна Дзяруга — 18-й (58,90), піша БелТА.

У другім адборачным раўндзе з удзелам 19 дзяўчат таксама змагаліся за шэсьць месцаў у фінальным туры, прычым у залік ішоў лепшы вынік зь дзьвюх спробаў. Гуськова не палепшыла сваіх лічбаў, зарабіўшы 82,73 бала, але папярэдняй сумы хапіла для праходу далей.

У вырашальнай стадыі спаборніцтваў выступалі 12 чалавек. Шасьцёрка лепшых атрымлівала шанец змагацца за мэдалі, а астатнія выбывалі. Гуськова набрала за сваю спробу 86,44 бала. Гэтага не хапіла для патрапляньня ў топ-6. Гуськова з барацьбы за мэдалі ў супэрфінале выбыла.

З 1998 году беларускія фрыстайлісты нязьменна бралі ўзнагароды на Алімпіядах. На апошніх двух Гульнях гэта зрабіла Гуськова — золата і срэбра.

17–19 лютага ідуць выступы ў фігурным катаньні, ад Беларусі ў іх ўдзельнічае Вікторыя Сафонава. 17-га яна паказала кароткую праграму, а 19-га — адвольную.

18 лютага ў гарналыжным слаламе стартуе Марыя Шканава, для яе гэта ўжо пятая Алімпіяда.

Усе беларускія спартоўкі выступаюць пад нэўтральным сьцягам з прычыны санкцыяў, накладзеных на Беларусь за саўдзел у вайне Расеі супраць Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская канькабежка Зуева заняла 6-е месца на Алімпіядзе