Ручное кіраваньне замест рэформаў: рэцэпт Лукашэнкі на 2026 год

Архіўнае фота: Лукашэнка наведвае менскае тэкстыльнае прадпрыемства «Камволь» у 2017 годзе. Цягам чатырох гадоў перад гэтым дзяржава ўклала ў мадэрнізацыю камбіната 110 мільёнаў даляраў. На канец 2024 году запазычанасьць фабрыкі перавышала 240 млн рублёў

Сьцісла

  • Лукашэнка заявіў, што асноўныя эканамічныя паказьнікі мінулага году не выкананыя, а студзень новага году выявіўся правальным.
  • Ён апэлюе выкарыстоўваць мэтады, якія цягам 30 гадоў не даюць эфэкту.
  • Існая сацыяльная мадэль хоць і эканамічна неэфэктыўная, аднак дазваляе кантраляваць усе сацыяльныя працэсы.
З фактаў і лічбаў, прыведзеных Лукашэнкам на нарадзе з урадам, вынікае, што беларуская сацыяльная мадэль не працуе. Жорсткі ціск на выканаўчую вэртыкаль не дае эфэкту. Аднак мяняць гэтую мадэль уладар ня будзе, бо яна ёсьць аптымальнай для ўтрыманьня ўлады.

17 лютага Аляксандр Лукашэнка правёў нараду, прысьвечаную вынікам эканамічнага разьвіцьця Беларусі ў 2025 годзе. З самага пачатку ён заявіў, што размова будзе жорсткай. І зразумела чаму. Бо асноўныя эканамічныя паказьнікі мінулага году ня выкананыя.

Валавы ўнутраны прадукт вырас на 1,3%, замест прадугледжаных плянам 4%, інфляцыя склала 6,8% пры заданьні 5%. І гэта пры тым, што Лукашэнка аб’явіў бязьлітасную барацьбу з цэнамі, вынікам чаго стаў нават дэфіцыт бульбы.

Здавалася б, можна пахваліцца ростам заробкаў — на 9%. Але ён носіць штучны характар, каб утрымаць працоўную сілу. Вытворчасьць працы павялічылася толькі на 1%, што ўжо выклікала дысбалянсы і перакосы ў эканоміцы.

Беларусь губляе ўнутраны рынак. За 5 гадоў доля айчынных тавараў тут зьнізілася з 60% да 54%. У выратаваньне прадпрыемстваў лёгкай прамысловасьці дзяржава ўклала сотні мільёнаў даляраў, сьведчаць унутраныя дакумэнты ўраду, якія атрымала арганізацыя Belpol. А ў выніку доля айчынных тавараў легпраму на ўнутраным рынку склала менш як 10%, затое імпарт такіх тавараў вырас амаль на траціну.

У выратаваньне прадпрыемстваў легпраму дзяржава ўклала сотні мільёнаў даляраў. А ў выніку доля айчынных тавараў на ўнутраным рынку склала менш як 10%

Лукашэнка нагадаў, што 2026–2030 гады ў Беларусі абвешчаныя «пяцігодкай якасьці». І дзеля ілюстрацыі прывёў прыклады яе рэалізацыі. Летась у кампаніі «Белкамунмаш» дэфэктнасьць павялічылася амаль на 40 працэнтаў. На «Гомсельмашы» брак знаходзяць у кожнага другога гарантыйнага камбайна.

Палова сельгасарганізацый стратная. Цягам году Лукашэнка шмат высілак і ўвагі надаваў праблеме склону буйнай рагатай жывёлы. Ён угаворваў, заклікаў будаваць прафілякторыі для цялят, пагражаў вязьніцай розным начальнікам, пазбаўляў пасадаў. Які вынік? «Па склоне ўжо ў гэтым годзе ўстанавілі чарговы антырэкорд — 19,2 тысячы за адзін месяц толькі буйной рагатай жывёлы. Я не кажу пра сьвіней, птушку і гэтак далей. Рост у паўтара раза!» — падсумаваў ён.

Але тут важныя ня столькі статычныя паказьнікі, колькі тэндэнцыя. Лукашэнка прызнае, што першы месяц новага году стаў «правальным». Спад у прамысловасьці склаў 3,4%. Тут адмоўна адбіваецца велізарная залежнасьць беларускай эканомікі ад Расеі. Лукашэнка адзначае: «Наш галоўны саюзьнік і партнэр знаходзіцца ў вельмі складаным становішчы, мы гэта адчуваем, бо гэта наш асноўны рынак».

А хто ж вінаваты ў тым, што ўсе яйкі склалі ў адзін кошык?

Аднак справа ня толькі ў крызісе, які напаткаў Расею. Тут праблема больш сыстэмная. Дэградуе ня толькі Віцебская вобласьць. З фактаў і лічбаў, прыведзеных Лукашэнкам, вынікае, што беларуская сацыяльная мадэль не працуе. Жорсткі ціск на выканаўчую вэртыкаль не дае эфэкту. Ён прызнае, што цягам году не выконваецца траціна ягоных даручэньняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі 2026 год пачаўся з спаду валавога ўнутранага прадукту

Ці разумее Лукашэнка глыбінныя прычыны праблем? Падаецца, што так. Пра гэта сьведчыць рэпліка, якая нечакана вырвалася ў яго падчас выступу: «Там, дзе бюджэт, там, дзе дзяржава, — толку няма».

Адсюль варта было б зрабіць лягічную выснову, што трэба пераходзіць да рынкавай эканомікі. Але не. На яе ён абрынуўся з лаянкай: «Гасподзь нас зьбярог ад гэтай жудаснай незразумелай рынкавай эканомікі. Памятайце, нас вучылі ўвесь час: рынак усё адрэгулюе. Нічога мы ня кінулі, трывалі і сёньня зразумелі: ніякі рынак нічога не рэгулюе».

Прычыны такой супярэчлівасьці даўно вядомыя. Бо свабодная рынкавая эканоміка — гэта страта кантролю, а значыць, і панаваньня над грамадзтвам. А існая сацыяльная мадэль хоць і эканамічна неэфэктыўная, аднак дазваляе кантраляваць усе сацыяльныя працэсы, зьяўляецца аптымальнай для ўтрыманьня ўлады. Для Лукашэнкі ўладны інстынкт значна важнейшы за эканамічную эфэктыўнасьць.

Для Лукашэнкі ўладны інстынкт значна важнейшы за эканамічную эфэктыўнасьць

Таму галоўная выснова з нарады простая і нязьменная дзесяцігодзьдзямі: «Усе ключавыя прадпрыемствы яшчэ ўчора павінны быць узяты літаральна на ручны кантроль». Міністрам, чыноўнікам загадана езьдзіць па прадпрыемствах і непасрэдна кіраваць працэсамі. І жорсткая дысцыпліна. А тое, што цягам больш як 30 гадоў такія мэтады не далі эфэкт, неістотна.

І апошняе. Лукашэнка зноў згадаў 2020 год. Здавалася б нічога новага, ён гэта робіць амаль на любой нарадзе з чыноўнікамі. Аднак інтэрпрэтацыя тых падзей аказалася нечаканай. Ягоная стандартная вэрсія, якая ўвайшла ўжо ў школьныя падручнікі, зводзіцца да таго, што то быў мяцеж (ці «каляровая рэвалюцыя»), штучна арганізаваны Захадам, бо беларускі народ любіць свайго прэзыдэнта і ня мог выступіць супраць улады.

А вось што Лукашэнка сказаў гэтым разам: «Калі вы думаеце, што 2020 год — гэта там вонкавыя ворагі нейкія… Ды не, калі б не было ўнутранай нашай адпаведнай сытуацыі, ніякія б ворагі сюды не ўлезьлі б. А калі б улезьлі, то мы б іх спынілі ў першыя дні».

Ці не прыйшоў час перапісваць падручнікі?