«Выпаленае поле» ці «прастора для дыханьня»? Дыскусія Бяляцкага і Калесьнікавай у Chatham House

Марыя Калесьнікава і Алесь Бяляцкі, каляж

Праект «Беларускага ініцыятыва» брытанскага дасьледнага цэнтру Chatham House сёньня правяла онлайн-дыскусію паміж былымі беларускімі палітвязьнямі Алесем Бяляцкім і Марыяй Калесьнікавай.

Дыскусія стала працягам завочнай палемікі паміж Алесем і Марыяй, якая адбылася раней у мэдыя, наконт шляхоў вырашэньня праблемаў Беларусі.

Падчас сёньняшняй дыскусіі Бяляцкі выступаў па-беларуску, Калесьнікава — па-ангельску.

Нобэлеўскі ляўрэат Бяляцкі адзначыў у сваім выступе, што зараз за кратамі ў Беларусі застаецца амаль 1150 палітвязьняў і гэта няпоўныя зьвесткі. Усяго з пачатку масавых рэпрэсіяў у 2020 годзе было асуджана па палітычных матывах больш за 8 тысячаў чалавек. Бяляцкі адзначыў, што паводле колькасьці палітвязьняў на душу насельніцтва — гэта адзін з самых высокіх паказьнікаў у сьвеце. «Крымінальны перасьлед па палітычных матывах у Беларусі пастаўлены на канвэер» — сказаў ён. Праваабаронца сказаў, што пад ціскам рэпрэсіяў спынілі працу ў краіне практычна ўсе грамадзянскія ініцыятывы, ідзе вайна зь беларускай мовай, зь беларускай культурай.

«Беларусь зараз нагадвае выпаленае поле, гэта вынік сьвядомага рашэньня Лукашэнкі» — зазначыў ён.

Ён сказаў, што ў грамадзтве існуе высокі ўзровень незадавальненьня, раздражненьня, яно нагадвае кіпучы кацёл, накрыўку якога шчыльна закруцілі жалезнымі балтамі.

«Ад ціску ўладаў сёньня цярпяць ня толькі апанэнты рэжыму. У зьняволеньні я пастаянна чуў ад простых вязьняў, што ўладам далі замнога правоў, яны робяць што хочуць, а звычайны чалавек усіх правоў пазбаўлены».

Але нягледзячы на жаданьне рэжыму, актыўнае беларускае грамадзкае і палітычнае жыцьцё ня зьнікла, яно перасунулася зараз у эміграцыю і затаілася ў самой Беларусі — сказаў Бяляцкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Палітыка зь Юрыем Дракахрустам». Зрынаньне рэжыму ці паразуменьне зь ім — дыскусія Кныровіча і Мажэйкі

Калесьнікава адзначыла, што для таго, каб у будучыні беларускае грамадзтва імкнулася да дэмакратыі, яно павіннае мець прастору для дыханьня сёньня, і таму зьмяншэньне ізаляцыі мае вырашальнае значэньне, беларусы павінныя адчуваць, што яны зьяўляюцца часткай Эўропы, павінныя мець больш візаў, больш адукацыйных магчымасьцяў у Эўропе. Яна сказала, што такой была сытуацыя ў краіне ў 2016-2019 гадах, «грамадзтва было менш ізаляваным і больш адкрытым для эўрапейскіх стандартаў, калі б Беларусь была такой ізаляванай, як сёньня, не было б 2020 году».

Таксама сярод мэтаў, на якіх Калесьінкава прапанавала засяродзіцца эўрапейскім і беларускім апазыцыйным палітыкам, гэта дамагчыся таго, каб беларусы маглі бяз штучных перашкод езьдзіць ў краіны Эўразьвязу, каб разьвіваўся уземны бізнэс, культура, прафэсійны абмен.

«Калі вы хочаце, каб у будучыні Беларусь была дэмакратычнай краінай, гэты шлях трэба пачынаць сёньня, скарачаючы ізаляцыю беларусаў. Яны мусяць адчуваць сябе часткай Эўропы», — лічыць Марыя Калесьнікава.

Былая палітзьняволеная ў час дыскусіі расказала ўласную гісторыю далучэньня да эўрапейскіх каштоўнасьцяў. Падлеткам яна пачала навучацца музыцы ў інстытуце Гётэ, які адкрыўся ў Менску, а потым працягнула адукацыю ў Нямеччыне. Калі ў 2020 годзе Марыя прыехала ў Беларусь дзеля ўдзелу ў перадвыбачрай кампаніі, яе мэтай была ня толькі палітычная перамога. «Не адзяляю палітыку ад культуры», — прызналася Марыя Калесьнікава, на думку якой адрыў Беларусі ад эўрапейскай культуры і эўрапескіх каштоўнасьцяў прывядзе да яшчэ большага ўцягваньня краіны ў сфэру інтарэсаў Расеі.

На думку Калесьнікавай, чым больш Беларусь адрэзаная ад Эўропы, тым больш яна структурна зьвязаная з Масквой. Яна заклікала быць рэалістамі, «пытаньне ня ў тым, ці падабаецца нам узаемадзеяньне, а ў тым, чаго можна дасягнуць узаемадзеяньнем». «Нядаўнія перамовы паказалі, што ўзаемадзеяньне можа прынесьці канкрэтныя вынікі, у тым ліку вызваленьне палітычных зьняволеных» — сказала былая палітзьняволеная.

Паводле яе, прагматычная дыпляматычная ініцыятыва павінная быць сканцэнтравана на выразна акрэсьленых мэтах: спыненьні рэпрэсій, вызваленьні ўсіх палітычных зьняволеных, скарачэньні ўдзелу Беларусі ў вайне Расеі, спыненьні правакацый супраць такіх суседзяў, як Польшча.

«Нічога з гэтага ня будзе бясплатна. Рэжым будзе чакаць стымулаў. Але сіла Эўропы палягае ў яе здольнасьці працаваць стратэгічна і цярпліва ў доўгатэрміновай пэрспэктыве» — мяркуе Калесьнікава.

Бяляцкі адзначыў, што беларускія ўлады пайшлі на перамовы з ЗША ў пошуках выйсьця з эканамічных цяжкасьцяў.

Ён сказаў, што гэтыя перамовы, хаця і карысныя, маюць абмежаваны характар, няма гарантыяў спыненьня рэпрэсіяў, самі па сабе перамовы ў пэўнай ступені ўмацоўваюць рэжым.

Бяляцкі лічыць, Эўропе ня варта сьпяшацца ў кроках насустрач рэжыму, а трэба дамагацца ад рэжыму сыстэмных зьменаў. «Рэжым ня мае падтрымкі ў грамадзтве, ён трымаецца на сіле і падтрымцы Расеі» — мяркуе нобэлеўскі ляўрэат.

Ён скептычна ставіцца да пэрспэктывы істотных саступак з боку рэжыму ў падказ на дыялёг. Ён працытаваў учорашняе выказваньне міністра інфармацыі Беларусі : «Мы не павінны дапусьціць паўзучага вяртаньня апазыцыі».

«Я ня бачу магчымасьці трансфармацыі гэтага рэжыму, жорсткі ціск павінен працягвацца, хіба не адзіным яго інструмэнтам зьяўляюцца санкцыі., цьвёрдая пазыцыя дасьць большы плён» — сказаў Бяляцкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што Бяляцкі расказаў пра турму, вайну, Нобэлеўскую прэмію і будучыню Беларусі. Поўны тэкст інтэрвію Свабодзе

На думку Калесьнікай, зараз не пэрыяд рэвалюцыі, «мы ня можам зьмяніць рэжым — ні грамадзтва, ні Захад». «Я выступаю за спалучэньне каштоўнасьцяў і прагматызму» — сказала яна. На яе думку Беларусь без эўрапейскага гарызонту будзе паглынутае Расеяй, цяпер у беларускім грамадзтве ёсьць расчараваньне Эўропай, чым можа карыстацца Расея.

Таксама Марыя Калесьнікава настоўвае на больш актыўным змаганьні за вызваленьне палітвязьняў якія, паводле яе словаў, «мусяць уведаць, што пра іх не забылі».

Напрыканцы свайго выступу Алесь Бяляцкі адзначыў, што ўкраінцы здолелі зрабіць пытаньне Ўкраіны цэнтральным пытаньнем эўрапейскага парадку дня.

На гэта мадэратарка дыскусіі, украінка Арыся Лутцэвіч, адзначыла, што не хацела б, каб Беларусь стала цэнтральным пытаньнем Эўропы такой цаной, якой стала Ўкраіна..

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калесьнікава: «У мяне не было задачы зрынаць тырана»

Свабода папрасіла пракамэнтаваць хаду і вынікі дыскусіі яе арганізатара, кіраўніка праекту «Беларускага ініцыятыва» Chatham House Рыгора Астапеню.

— Варта пачаць з таго, што ўпершыню за 105 гадоў існаваньня Chatham House публічнае мерапрыемства, арганізаванае ім, праходзіла зь перакладам на беларускую мову. Я думаю, што гэта само па сабе зьяўляецца вялікім дасягненьнем. Калі казаць пра саміх сьпікераў, то безумоўна абодва яны — адны з найбольш адметных людзей нашага часу. Марыя мае велізарную папулярнасьць сярод людзей, Алесь — безумоўна чалавек, які зьяўляецца маральным арыентырам для шматлікіх беларусаў.

— Дыскусія, арганізаваная Chatham House, была працягам завочнай палемікі ў мэдыя Алеся і Марыі. Падчас сёньняшняга мерапрыемства — ці зблізіліся іх пазыцыі ці яны паўтарылі тое ж, што казалі раней?

— Я думаю, што калі людзі публічна паміж сабой размаўляюць, то іх пазыцыі заўжды неяк збліжаюцца. Сёньня мы пабачылі, што ў іх падыходах ёсьць выразныя адрозьненьні, прынцыповыя адрозьненьні, у тым, як яны бачаць стасункі паміж Захадам і Лукашэнкам.

Але зь іншага боку, Алесь і Марыя даволі эмпатычныя людзі самі па сабе. І таму нейкага скандалу, канфрантацыі тут і не магло быць. Кожны зь іх паказаў, што з павагай ставіцца да суразмоўцы, І гэта акурат тая рэч, за якую мы любім гэтых людзей. Chatham House паводле свайго фармату — плятформа для дыялёгу лідэраў у паважлівай атмасфэры.